Telegram Web
«Мэрсэдэс» апошняй мадэлі з дыпляматычным нумарам і жоўта-блакітным прапарам на капоце, з 35-гадовым кіроўцам за рулём на вуліцах Варшавы, Бэрліну ці Прагі – гэта нармальна. Паслу належыць езьдзіць на лімузіне, а 55-галоваму кіроўцу, калі ён яшчэ і сумяшчае функцыі целаахоўніка, там няма чаго рабіць: мусіць быць малады чалавек з добрай рэакцыяй – што да кіраваньня аўто, што, пры патрэбе, да стральбы.

Але калі «Бэнтлі» ці «Мазэраці» (коштам у кватэру) імчыць па праскай вуліцы пад украінскім нумарам кшталту 77777 з маладзёнам за рулём (а падобнае я бачу рэгулярна) – у дзясяткаў праскіх кіроўцаў, грамадзянаў Чэхіі, у гэты момант узьнікае цалкам заканамернае пытаньне. Нават два.

Першае: а чаму гэты хлопчык не на фронце?

І другое: калі яны гэтак добра жывуць, чаму я са сваіх падаткаў павінен аплочваць дапамогу Ўкраіне?

Між іншым: Чэхія прыняла ў сябе і забясьпечыла прававымі (аж да, у пэрспэктыве, грамадзянства) ды сацыяльнымі гарантыямі 338 736 (трыста трыццаць восем тысяч сямсот трыццаць шэсьць) уцекачоў з Украіны (дадзеныя МУС на 1 красавіка 2024 г.).
Калі ў выніку абмену ФСБшных забойцаў ды шпіёнаў ня вызваляць беларускіх палітвязьняў (буду радавацца вызваленьню любога, але асабліва – тых, чыя адданасьць Беларусі засьведчаная задоўга да 2000 году) – мы ўбачым сапраўднае (а ня выказанае ў глянцы самітаў, прыёмаў ды прыгожай дэмагогіі) стаўленьне Захаду, кіраўніцтва ЗША і ЭЗ, да беларускага народа.

Гэта будзе працягам таго самага стаўленьня, якое кіравала падзелам Беларусі падчас ганебнай Рыскай дамовы ў 1921-м (тады прадстаўнікі Рады БНР нават не былі дапушчаныя да яе абмеркаваньня) і ў 1993-м, калі пасьля рашэньня аб вывадзе ядзернай зброі ЗША фактычна аддалі Беларусь у зону інтарэсаў Масквы і дазволілі расейскім спэцслужбам прывесьці да ўлады свайго стаўленіка Лукашэнку.
Не, дарагая Сьвятлана. Рыжым Лукашэнкі, само сабой, ёсьць праблемай, і праблемай галоўнай, але праблемай ёсьць і заходнія лідары, якія з 1991 гогду падтрымліваюць Беларусь толькі на словах, а насамрэч, практычна адразу пасьля дасягненьня Незалежнасьці, аддалі яе ў зону ўплыву Масквы. Даўно насьпеў час назваць рэчы сваімі імёнамі.

(“На жаль, праблема не з боку заходніх партнёраў, а з боку рэжыму, які не зацікаўлены ў вызваленні людзей і адкрыта гэта дэманструе»-- Офіс Ціханоўскай пра сёньняўні абмен).
Заява Прэзыдыюму Рады Беларускае Народнае Рэспублікі

Аб абмене закладнікаў, палітвязьняў і асуджаных без уліку інтарэсаў беларускага народу

Рада БНР сьведчыць, што беларускія інтарэсы – ня ў першы раз у сваёй гісторыі – праігнараваныя ў дамоўленасьцях паміж заходнімі сталіцамі. У сьпісе абмененых 1 жніўня 2024 Вашынгтонам і Бэрлінам, з удзелам іншых эўпапэйскіх дзяржаваў, узамен на асобаў, у якіх зацікаўленая Масква, няма беларускіх палітвязьняў і палонных.

Мы з жалем вымушаныя канстатаваць, што лідэры ЗША і Эўропы ў гэтай сытуацыі праігнаравалі пакуты беларускага народа, які апынуўся ў цяперашнім становішчы не ў апошнюю чаргу таму, што урады найбуйнейшых дзяржаваў Захаду доўгі час былі і застаюцца згодныя бачыць Беларусь у выключнай зоне інтарэсаў Масквы.

Відавочна, што грамадзянін Нямеччыны Рыко Крыгер, чый захоп рэжымам Лукашэнкі быў міжнародным злачынствам, абменены выключна ў інтарэсах Расейскай Фэдэрацыі.

Як вядома, сотні беларусаў праліваюць кроў у змаганьні за Ўкраіну ў барацьбе з расейскім агрэсарам. Мы спадзяваліся, што Ўкраіна магла б настойваць на вызваленьні ў гэтай схеме двух беларускіх дабраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў расейскім палоне, а таксама грамадзянаў Беларусі, асуджаных за спробы перашкодзіць войскам РФ зьдзейсьніць ваенныя злачынствы ва Ўкраіне з беларускай тэрыторыі.

Рада БНР таксама перакананая, што Варшава мела поўнае права ўзьняць пытаньне пра вызваленьне з лукашэнкаўскіх турмаў Андрэя Пачобута і іншых прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасьці.

Застаецца спадзявацца, што вышэйпрыгаданыя асобы будуць прадметам клопату Кіеву і Варшавы ў эўрапэйскіх і эўра-атлянтычных міжнародных структурах.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае лідэраў дэмакратычнага Захаду да асэнсаваньня таго факту, што без вызваленьня Беларусі ад расейскай васальнай дыктатуры Лукашэнкі, а таксама абароны ад магчымай спробы непасрэднай акупацыі Беларусі Расеяй, немагчымая ня толькі эўрапейская пэрспэктыва Беларусі, але й мір і бясьпека на эўрапейскім кантынэнце ўвогуле.

1 жніўня 2024
Давайце ня цешыць сябе ілюзіямі і самападманам. Беларусь, лёс беларускага народа не цікавыя Захаду. І ніколі не былі.

Зрэшты, быў кароткі пэрыяд, калі Захад выяўляў сапраўдную цікавасьць: калі ў Беларусі была ядзерная зброя. Але мы бяздарна аддалі яе за “дзякуй” — і, як тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савета, я не здымаю зь сябе адказнасьць за тую наіўнасьць. Казаў гэта раней, паўтараюі цярер.

Толькі адзін палітык, падтрымліваючы ідэю бяз’ядзернасьці, сьцьвярджаў, што нельга сьпяшацца, што трэба запатрабаваць сур’ёзныя палітычныя і ваенныя гарантыі і моцную эканамічную кампэнсацыю: Зянон Пазьняк.

Станіслаў Шушкевіч мала таго, што фарсіраваў вывад зброі за “дзякуй”, дык яшчэ і пагадзіўся аддаць яе … у Расею. А потым падтрымліваў прымітыўную тэзу: уявіце, а каб такая зброя была ў Лукашэнкі!

Дэмагогія: пры належнай кампэнсацыі ў 1994 была б зусім іншая эканамічная і палітычная сытуацыя, ніякага Лукашэнкі і блізка б ва ўладзе не было.

У выніку, атрымалі і Лукашэнку, і расейскія ядзерныя боегалоўкі.

Так, Расея нам вораг, але і Захад- не надзейны саюзьнік.

Усьведамленьне гэтага факту ня ёсьць нагодай для адчаю; наадварот, гэта стварае надзею. Бо ўсякая праца (а палітычная найперш) эфэктыўная толькі тады, калі не будуецца на ілюзіях.
Думаю, мае рацыю Павал Латушка, кажучы, што нядаўні абмен быў вынікам супрацоўніцтва ЦРУ, СЗВ (Службы зьнешней выведкі РФ) і ФСБ РФ.

Але гэта толькі адзін, тэхнічны ўзровень. Спэцслужбы (і ЗША, і РФ) выконвалі палітычную замову вышэйшага кіраўніцтва. За выключэньнем двух-трох чалавек з абодвух бакоў, пра якіх спецслужбам маглі быць дадзеныя пэрсаніфікаваныя ўказаньні (скажам, Пуцін быў зацікаўлены ў вызваленьні Красікава, Байдэн – Гершковіча, Курмашавай і, да яго забойства, Навальнага), наколькі я магу ўявіць, па астатніх даваліся агульныя, не пэрсаніфікаваныя ўказаньні, і не на ўзроўні Байдэна – найхутчэй, на ўзроўні Салівана, дарадцы ў справах нацбясьпекі.

І ўказаньні былі такога кшталту: плюс – пяць-шэсьць расейскіх палітычных фігураў, якія ў турмах, якіх канкрэтна – вырашайцен па сытуацыі. І калі б было вымаўлена слова «і беларускіх» - перамоўшчыкі са спэцслужбаў гэта мелі б на ўвазе. І прапанавалі б далучыць да расейсекіх палітвязьняў некалькіх беларускіх.

Ва ўсякім разе, журналістаў амэрыканскай карпарацыі «Свабодна - Эўропа-Свабода» якая фінансуецца Кангрэсам ЗША, Ігара Лосіка (15 гадоў узмоцненага рэжыму) і Андрэя Кузьнечыка (6 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама грамадзяніна ЗША Юрыя Зяньковіча, -- уключыць у сьпіс прапановы Крамлю былі ўсе падставы. І я перакананы, што Лукашэнку давялося б іх (альбо некага зь іх) вызваляць – як давялося яму адрапартаваць Пуціну «Будет исполнено, товарищ начальник!» і вызваляць нямецкага грамадзяніна.

Ня ведаю нічога пра Зяньковіча, але што датычыць Лосіка і Кузьнечыка, нават з адкрытых крыніцаў вядома, што і кіраўніцтва карпарацыі Радыё Свабодна-Эўропа- Радыё Свабода рэгулярна нагадвае пра іх лёс, і дзяржсакратар Блінкен пра іх казаў, і Сьвятлана Ціханоўская зьвяртала ўвагу Рады бясьпекі ААН.

Але, нягледзячы на гэта, у высокага чыноўніка (ці чыноўнікаў) Белага дому ў момант, калі аддавалася распараджэньне, слова «Беларусь» у мазгах ня ўзьнікла. Як ня ўзьнікла ў Шольца думка пра Калесьнікаву (хай і не грамадзянку ФРГ, але, як я разумею, сталую жыхарку Нямеччыны, якая там плаціла падаткі – пры тым што яе вызваленьне Шольцу было выгодна для апраўданьня нямецкаму грамадзтву выдачы ФСБшнага забойцы)

І гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь ня тое што не знаходзіцца ў прыярытэце рэальнай міжнароднай палітыкі, але і на першай пэрыфэрыйнай лініі ўвагі. Ва ўсякім разе, пакуль што.

Без асэнсаваньня гэтай ісьціны, паўтараю, рухацца далей немагчыма.
НЕКАТОРЫЯ ВЫСНОВЫ 2020-ГА

Народ мае права самастойна вырашаць свой лёс, што ён зрабіў у 1994-м, і мае права выправіць памылку, што спрабаваў зрабіцьу 2020-м.

Народ мае права на паўстаньне. Гэтая права пацьверджана ўсёй гісторыяй цывілізацыі. Ва ўсякім разе, эўрапейскай цывілізацыі, пачынаючы яшчэ з антычнасьці. Прычым, аж да фізычнага зьнішчэньня тараніі. Хаця б з той прычыны, што тыранія, калі яе ня зьнішчыць, можа пагражаць і іншым народам.

У гэтым, між іншым, палягае адказ на дылему, якую ў свой час сфармуляваў Васіль Быкаў, сказаўшы, што дэмакратыя ня можа перамагчы дыктатуру адэкватнымі сродкамі. Гэтыя быкаўскія словы часта разумеюць як заклік зьмірыцца зь непазьбежнасьцю, тады як яны толькі канстатацыя: не перамагае, бо не дазваляе сабе змагацца з дыктатурай тымі спосабамі, якімі тыранія змагаецца з прыхільнікамі свабоды. Формула «народ мае права на паўстаньне» якраз і паказвае выйсьце.

Трэба думаць, у гэтым сэнсе беларусы зрабілі выснову з 2020-га. Кветкі — цудоўна, але — толькі пасьля перамогі.

Ацэньваючы падзеі нядаўнія, нам варта паспрабаваць паглядзець на сытуацыю з вышыні значна большай гістарычнай пэрспэктывы.

І калі мы гэта зробім, мы ўбачым, што за намі — два з паловай стагодзьдзя імпэрскай акупацыі. І ў ёй былі пэрыяды, калі само слова «Беларусь» было забаронена. Беларусаў як нацыю няспынна зьнішчалі — пры царах, з высылкамі ў Сібір, пры бальшавіках, з расстрэламі ў шматлікіх Курапатах.

Такі каласальны тэрмін, які закрануў мінімум дзесяць пакаленьняў, ня мог не дэфармаваць мэнталітэт народа.

У жніўні 1991-га шанцаў, што Беларусь застанецца пад кіраваньнем Крамля (так, адзінай зь іншых рэспублік), як я усё больш пераконваюся, было значна больш, чым што здабудзе Незалежнасьць. У тым, што здабыла — вялізная заслуга авангарда нацыі, дзясяткаў тысяч актывістаў Беларускага Народнага Фронту на чале з Пазьняком, як бы мяне не пераконвалі ў зваротным.

Як і ў 1918-м, у 1991-м беларусы даказалі, што маюць права на сваю дзяржаву.

Наступныя 30 гадоў жыцьця хай і ў дэ-юрэ незалежнай краіне, але пад лукашэнкаўскай дыктатурай, не маглі сфармаваць у грамадзтва ні палітычнай культуры, ні яснага разуменьня нацыянальных каштоўнасьцяў. І таму тое, што сотні тысяч беларусаў узьнялі ў жніўні 2020-га Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, можна ўспрыняць як цуд, хаця асабіста мне ў гэтым бачыцца жыцьцятворнасьць беларускай нацыянальнай ідэі.

Цалкам магчыма, 2020 год і ня мог скончыцца перамогай (паўтараю, дамагаючыся вызваленьня з-за кратаў яго лідэраў, мы маем права і павінны аналізаваць іх тагачасныя дзеяньні).

Пры тым, што гэтыя дзьвесьце з паловай гадоў іпмпэрскай акупацыі і залежнасьці нас усё яшчэ не адпускаюць, — я перакананы, што пасьля 2020-га мы ўсё ж бліжэй да свабоды, чым раней.

І вось яшчэ адна дэталь, якая хоць і ня мае непасрэднага дачыненьня да пэўнай гістарычнай даты, але надае тое, што завецца гістарычным аптымізмам. Гэта значыць — аптымізмам, які вынікае з гісторыі.

У гэтыя дні Інтэрнэт абляцеў відэазварот да Пуціна жыхароў узятага ўкраінскімі войскамі раёна Курскай вобласьці РФ: «Помогите нам вернуть наши земли, Владимир Владимирович! Мы ведь поддерживаем специальную военную операцию, Владимир Владимирович!» (тое, што страта «ваших земель» вынік таго, што сунуліся ў «не ваши земли», для гэтых людзей — невырашальная лагічная задача, бо, як казаў «Владимир Владимирович», «Россия -= везде»).

Зварот не арганізаваны мясцовымі ўладамі — у ім гнеўныя тырады пра раённую адміністрацыю. Словы, як гаворыцца, ідуць ад сэрца, льюцца з самой душы.

Увогуле, заклікаў расейцаў «да цара» апошнім часам мы бачылі шмат — ці то каналізацыю прарве і дом затопіць, ці то прарве дамбу і затопіць увесь горад, ды ці мала чаго штодня не здараецца на абшарах бясконцай Расеі. І практычна заўсёды — словы пра «мы ведь поддерживаем специальную воекнную операцию!». Трэба разумець — мы ўхваляем агрэсію супраць Украіны, падтрымліваем забойствы старых, жанчын і дзяцей, радуемся бамбёжкам радзільных дамоў, нам да сэрца нялюдзкія катаваньні ваеннапалонных. (1/2)
(2/2) За апошнія гады мы бачылі сотні і сотні «пакаянных» відэа беларусаў, запіс якіх, між іншым, патрапляе пад катэгорыю псыхалягічных катаваньняў, а значыць — злачынстваў супраць чалавечнасьці. Мы чулі дэклямацыю графаманіі пра «великую победу», запісы клятваў т.зв. «государственным симолам» і іншай прапагандысцкай лухты, у якой ініцыятывы ўдзельнікаў было ня болей, чым было яе ў «чытацкіх канфэрэнцыях» па брэжнеўскай «Малай зямлі» паўстагодзьдзя таму.

Але я ніколі ня бачыў, каб звычайныя беларусы запісвалі калектыўныя звароты да Лукашэнкі, дзе б гучалі ўхваленьні масавых рэпрэсій і катаваньняў ягоных праціўнікаў (дарэчы, і ў падтрымку вайны Рапсеі супраць Украіне — таксама).

І вось у гэтым — праява галоўнага, вызначальнага адрозьненьня паміж эўрапейскім мэнталітэтам беларусаў і мэнталітэтам народа, які пхнецца да нас у «старэшыя браты».

Розьніцы, якую ня сьцёрлі нават стагодзьдзі імпэрскай акупацыі.
«Мир, дружба, жвачка» Лукашэнкі да Ўкраіны, якія ўсялілі ў некаторых наіўную
веру ў жаданьне Лукашэнкі замірыцца з Захадам, — скончыліся пасьля ўваходу ЎСУ ў Курскую вобласьць.

На мяжу з Украінай ізноў пасланыя падразьдзяленьні т.зв. “беларускай арміі”, якая здрадзіла свайму народу. Сярод іх — і войскі “спецыяльных апэрацый”, на якіх кроў удзельнікаў мірных пратэстаў 2020 году. І калі Пуцін аддасьць Лукашэнку загад напасьці на Ўкраіну т.зв. “беларускай арміяй” — той ведае, што зь ім будзе, калі ня выканае загад з Крамля.
Байдэн ізноў не дазволіў Кіеву біць амэрыканскай зброяй па тэрыторыі Расеі. Уявіце: Рузвэльт дае Чэрчылю самалёты (а ЗША далі Брытаніі сотні самалётаў, а пасьля Перл-Харбару -- тысячы) і дазваляе Лёндану зьбіваць пілотаў Лютваффе толькі над тэрыторыяй Брытаніі, плюс - забараняе бамбіць Трэці Рэйх.

Але тады ЗША кіраваў палітык, а цяпер – палітыкан.
Намер Лукашэнкі ўвесьці крымінальную адказнасьць за пагрозы і абразы адносна членаў сям’і экс-прэзыдэнта выклікае сумнеў ня толькі ў палітычным сэнсе.

Само слова «сям'я» у дачыненьні да Лукашэнкі выглядае абсурдам, калі разглядаць яго ў плоскасьці права.

З той простай прычыны, што немагчыма дакладна акрэсьліць групу гэтых асобаў.

Вось, скажам, хто ягоная жонка? Галіна Радзівонаўна, якая была жонкай на момант прэзыдэнцкіх выбараў 1994? А вы ўпэўнены? Магчыма, жонка -- маці ягонага сына Міколы? Што было б цалкам лягічна. Альбо нейкая іншая жанчына? Таксама ня выключана.

А колькі дзяцей у Лукашэнкі? Вы ўпэўнена адкажаце – трое. Але на якой падставе вы робіце такую сьмелую выснову? Малодшага сына грамадзтву паказалі толькі праз некалькі гадоў – дзе гарантыя, што не існуюць яшчэ дзесяць, якіх пакуль не паказалі?

Вы скажаце, што зьвесткі пра жонку і дзеяцей павінны быць зафіксаваныя ў пашпарце?

Але пашпарт, які для любога іншага грамадзяніна зьяўляецца галоўным дакумэнтам – апошняе, дзе можна шукаць праўду пра Лукашэнку.

Сваё стаўленьне да пашпарту Лукашэнка выявіў ужо ў самым пачатку свайго “прэзыдэнцкага” шляху, яшчэ ў 1994-м, калі ў падпісных лістах за вылучэньне кандыдатам указаў зусім іншае месца прапіскі, чым тое, якое было пазначана ў пашпарце. А на працэдуру рэгістрацыі ў ЦВК увогуле зьявіўся бяз пашпарту, чаму аўтар гэтых радкоў быў непасрэдным сьведкам.

А ў пэўны момант ён узяў ды і зьмяніў дату свайго народжаньня. Вось проста пажадаў – і напісаў іншую.

Але думаю, што цяпер, разглядаючы свой пашпарт, Лукашэнка кусае локці.

Бо зьмяніў толькі дзень народзінаў, а мог зьмяніць год, нават дзесяцігодзьдзе. І замест 1954 напісаць 1964, а яшчэ лепей – 1974. Ніхто б у пашпартным стале і ня пікнуў.

І сустракаў бы праз пару тыдняў Аляксандар Рыгоравіч круглы юбілей – 50 гадоў.

Пагадзіцеся: цудоўны ўзрост.

А галоўнае, можна сьмела кіравацть яшчэ гадоў дваццаць. Да 70-ці.
За тыдзень баявых дзеяньняў УСУ на тэрыторыі РФ нават пуцінская прапаганда не паведаміла ні пра які факт гвалту, зьдзекаў ці марадзёрства, ня кажучы пра забойствы мірных жыхароў.

І цяпер узгадайце Бучу.

Вось розьніца паміж еўрапейскасьцю і азіятчынай.
Фашысцкі рэжым у Расеі (адпаведна, і ў Беларусі) ня зьменіцца яшчэ дзясятак гадоў, а то і паўтара дзесяцігодзьдзя (быў шанец перамагчы РФ і зьнішчыць яе як імпэрыю, але Захад яго ўпусьціў у 2022-м).

Канешне, “чорны лебедзь” можа прыляцець кожны момант, сытуацыя можа кардынальна зьмяніцца. Усё можа быць. Але калі жыць не спадзяваньнямі на цуд, а сыходзіць з аб’ектыўных працэсаў, — асабіста я ня бачу падстаў для аптымізму. Ня кажучы ўжо пра верагоднасьць (хутчэй так, чым не) сусьветнай ядзернай вайны.

Тых, хто ізноў папракне мяне ў “песымізьме” — адсылаю да верасьня 2020-га, калі я аспрэчваў заявы атачэньня Ціханоўскай, што “да лістапада Лукашэнкі ня будзе”. Я тады казаў, што, упусьціўшы адзіную магчымасьць зрынуць рэжым праз агульнанацыянальны страйк у жніўні (які рыхтаваць трэба было зь вясны), бітву трэба лічыць прайгранай, што наперадзе — доўгае супрацьстаяньне, галоўнае ў якім — праца ў галіне нацыянальнай самасьвядомасьці, без чаго беларусы будуць зноў і зноў падманвацца. Разумею, што тады яшчэ існавала эйфарыя, што верылася ў лепшае, і ўсё ж… Магчыма, у такіх сытуацыях важную ролю адыгрывае ўласны палітычны досьвед, які, на жаль, назапашваецца толькі з гадамі.

Паўтара дзесяцігодзьдзя — мізэрны тэрмін для Гісторыі, і нават для палітычнага фармаваньня (дакладней — дафармоўваньня) нацыі. Але гэта вялікі пэрыяд у маштабе чалавечага жыцьця.

Вось з гэтага (з горшага), мне падаецца, і трэба сыходзіць, выпрацоўваючы стратэгіі — і агульныя (для палітыкаў ды грамадзкіх дзеячоў), і асабістыя. А найперш, у самай важнай на сёньня тэме — тэме вызваленьня палітвязьняў.
Надрукаваныя ў «Нашай Ніве» нататкі Ўладзімера Някляева ў частцы пэрыяду першых гадоў Незалежнасьці можна было б назваць адным словам: ахінея.

Але той, хто гэтак зробіць – памыліцца.

З тэксту вынікае (ва ўсякім разе, складаецца такое ўражаньне), што аўтар – удзельнік тых падзеяў. Канешне, кожны чалавек у той ці іншай ступені стварае Гісторыю. Але непасрэдны ўдзел у палітычным працэсе – гэта, усё ж, крыху іншае.

Што датычна палітычнага нацыянальнага руху, д ык я не магу прыгадаць удзел у ім Уладзімера Някляева ў пэрыяд 1990-1996 гадоў. Паўтараю: гаворка не пра паэтычную творчасьць (якая, канешне, можа ўплывае на грамадзтва, і тут я прыгадаю магутны верш Някляева пра Дзяды-88 «Усё, што коціцца, дакоціцца да нас...»), а менавіта пра палітычную дзейнасьць.

Ён не падтрымліваў БНФ, які ў пачатку 90-х быў ня проста «найбольшай апазыцыйнай сілай», да чаго зводзіць яго Някляеў, а авангардам нацыянальна-дэмакратычнага руху (вызначэньне Васіля Быкава).

Не падтрымліваў БНФ нейкай публічнай заявай у прэсе ці на мітынгу ні ў змаганьні за Незалежнасьць у 1991-м, ні ў адстойваньне гэтай Незалежнасьці ў супрацьстаяньні з праімпэрскімі сіламі ў асобе Кебіча і ягонага атачэньня ды падкантольнай ім парлямэнцукай большасьці, якія фактычна кіравалі краінай.

Для пэўнасьці (магчыма, пра нешта ня ведаю) я запытаўся ў Пазьняка. Не, я не памыліўся.

Натуральна, ніхто не абавязаны браць непасрэдны ўдзел у палітычнай дзейнасьці, падтрымліваць тую ці іншую палітычную сілу, гэта права асабістага выбару. Але калі ты спрабуеш выходзіць на гістарычныя ацэнкі, варта ўсё ж хоць мінімальна пацікавіцца фактамі.

Высновы Някляева датычна пачатку 90-х базуецца на тэзе, якая 30 гадоў таму асабіста мне магла прымроіцца хіба што ў жудасным сьне, і якая з найбольшай паўнатой была выказаная ў артыкуле Міколы Бугая ў «Нашай Ніве» да 80-годзьдзя Пазьняка: ва ўсім, што здарылася зь Беларусьсю, вінаваты БНФ і яго лідэр.

Вядома, у Някляева гэта выяўлена менш рэльефна (тут, думаю, Мікола Бугай яшчэ доўга застанецца непераўзыдзеным), але тым ня менш.

Вось, скажам, сьцьвярджэньне, што нібыта у пачатку Незалежнасьці БНФ і яго старшыня не ўспрымалі прапановы ісьці ў Эўразьвяз (паводле Някляева, «першая палітычная памылка, якую можна назваць гістарычнай»).

Але перад тым, як рабіць такія высновы, варта было б, усё ж, зьвярнуцца да праграмных дакумэнтаў БНФ таго часу ды заяваў яго лідэра.

У газэце «Навіны БНФ» за 9 студзеня 1992 году практычна ўся першая паласа – тэкст Зянона Пазьняка (паводле выступу на сьнежаньскім Сойме БНФ). Загаловак - «Мы павінны ісьці ў Эўропу». Ніжэй – цытаты.

«Палітыка Расеі аб'ектыўна выражае імпэрскія інтарэсы. Дзяржаўная пазыцыя Расеі акрэсьліваецца зацікаўленьнем у захаваньні на пэўным этапе саюзных структураў, каб потым, шляхам адпаведных юрыдычных і палітычных захадаў, стаць фактычным пераемнікам Савецкага Саюзу, але ўжо ў форме клясычнай імпэрыі».

«У дачыненьні да Расеі мы павінны праводзіць узаемаўзгодненую палітыку, па-добрасуседску жыць зь ёю, гандляваць, наладжваць іншыя сувязі, але ніколі, ні пры якіх абставінах мы не павінны ўступаць з Расеяй ні ў якія палітычныя пагадненьні, ні ў якія палітычныя саюзы. Такое «аб'ядненьне» ужо было ў канцы 18 стагодзьдзя й ў 1922 годзе».

«Аб'ектыўна, у інтарэсах нашага народу, у інтарэсах нашае дзяржавы мы павінны ісьці толькі ў Эўропу, мы павінны праводзіць толькі незалежную дзяржаўную палітыку. Але на працягу гэтага году (1991 – С.Н.) наша кіраўніцтва не зрабіла нічога, каб умацаваць свой сувэрэнітэт, аслабіць залежнасьць ад расейскай сыравіны». (1/3)
(2/3) «Што тычыцца Беларусі, яна мае лепшыя (у параўнаньні з суседзямі – С.Н.) умовы для інтэграцыі ў эўрапейскую сыстэму. Нашая дзяржава арыентаваная на вытворчасьць і вываз тавараў і прадуктаў, а не сыравіны. Мы цалкам забясьпечваем свае ўнутраныя патрэбы й шмат што можам экспартаваць (рэспубліка - донар). У нас дастаткова збалянсаваная эканоміка, функцыянуе паўнавартасны народнагаспадарчы комплекс на дастаткова высокім арганізацыйным і тэхнічным ўзроўні, існуе высокі ўзровень кваліфікацыі рабочай клясы, вялікая канцэнтрацыя інтэлекту фундамэнтальнай і пррыкладной навукі – асноўнай вытворчай сілы на сучасным этапе».

Я таму прыводжу такія вялікія фрагмэнты, што яны сьведчаць: эўрапейскі выбар лідэрам БНФ быў ня проста прапавнаваны. Ён быў геапалітычна ды эканамічна абгрунтаваны.

Зьбіраўся перайсьці да аналізу іншых двух «гістарычных памылак» паводле Някляева, калі ў першым выпадку (Белавескія пагадненьні) аўтар прадэманстраваў фэнамэнальнае няведаньне працэсу распаду імпэрыі, а ў другім (вылучэньне Карпенкі ў прэзыдэнты) сьвядома ці несьвядома спрашчае (каб не сказаць – скажае) тагачасную сытуацыю.

Але зразумеў, што гэта ня мае сэнсу. Ды і аналізаваць інтэрпрэтацыю Някляевым нібыта адсутнасьці «эўрапейскага выбару» з боку БНФ сэнсу ня мела (але пакіну, для інфармацыі).

Уладзімер Някляеў – літаратар, паэт. Магчыма, найбуйнейшы беларускі паэт зь цяпер жывучых.

І аналізаваць ягоны тэкст на прадмет адпаведнасьці гістарычным фактам – усё роўна, як камэнтаваць ягоны раман «Гэй Бэн Гіном» з пазыцыі рэальнай біяграфіі Янкі Купалы.

Някляеў прыводзіць фрагмэнт раману – дыялёг Сталіна з Купалам, якога, як мы ведаем, у рэчаіснасьці не было. Хаця – мог бы быць; Сталін сустракаўся з найбольш выбітнымі прадстаўнікамі «нацыянальных літаратураў», гутарыў зь імі на ўрадавых прыёмах, таму хутчэй даводзіцца зьдзіўляцца, што асабістай гутаркі з Купалам ня здарылася. Але ў рамане ёсьць і сюжэты, скажам гэтак, з інфэрнальнай сфэры – якія працуюць на мастацкую задуму аўтара, але ўжо дакладна ня могуць быць прадметам колькі -небудзь сур'ёзнага навуковага аналізу гісторыкаў ды біёграфаў. Прадметам літаратурнай крытыкі – колькі заўгодна.

Ня ведаю, якая задума была ў Някляева, калі ён пісаў пра пачатак 90-х. Але як абсурдна шукаць супадзеньні ці несупадзеньні эпізодаў «Гэй Бэн Гіном» з рэчаіснасьцю, гэтак жа, па вялікім рахунку, і рэфлексіі Някляева пра Беларусь першых гадоў Незалежнасьці бессэнсоўна супастаўляць з рэальнымі падзеямі ў тагачаснай Беларусі.

Як і ў рамане, аўтар выбудоўвае нейкую фантасмагарычную канцэпцыю гісторыі, напаўняе яе прыдуманымі падзеямі ў выкананьні рэальных асобаў.

У гэтай вэрсіі, калі крыху гіпэрбалізаваць (але толькі крыху), уся ўлада ў руках БНФ, і менавіта Народны Фронт вызначае стратэгічны накірунак разьвіцьця Беларусі. А ўзначальваюць дэмакратычны рух Шушкевіч з Пазьняком. І фраза «Расея ніколі не нападзе на Ўкраіну», упісаная Ельцыным у Віскулёўскае пагадненьне, азначае 100% гарантыю, што і пры Пуціне не нападзе. А імпічмент у 1996 правальваецца толькі з-за таго, што некалькі дэпутатаў адклікаюць свае подпісы (усё ж, не ўтрымаюся, каб не нагадаць сапраўдную прычыну: у рэальнасьці гэта адбылося таму, што старшыня ВС Шарэцкі і старшыня Канстытуцыйнага Суду Ціхіня паддаліся на пагрозы Лукашэнкі і ўгаворы Крамля).

Але, паўтараю, мы маем месца не з гісторыяграфіяй, а з літаратурай — і прэтэнзія ў мяне не да аўтара, а да рэдакцыі НН, якая гэты тэкст мусіла б разьмясьцціць пад адпаведнай рубрыкай - “Літаратура”. Як газетчык у сваім мінулым, разумею, што ў журналісцкай запарцы здараецца і не такое, але аўтар, усё ж, ня хлопчык з вуліцы, вата было б паставіцца больш уважліва.

Цягам трох дзесяцігодзьдзяў сапраўдная гісторыя здабыцьця Незалежнасьці не выкладалася ні ў школах, ні ў унівэрсытэтах, у афіцыйных выданьнях яна ў лепшым выпадку замоўчвалася, а звычайна – фальсыфікавалася.
(3/3) У жыцьцё ўступіла другое пакаленьне, якое мае скажонае ўяўленьне пра найноўшую гісторыю. Якое лічыць, што Шушкевіч змагаўся за Незалежнасьць (насамрэч, яшчэ ў першы дзень сэсіі 24 жніўня 1991 ён актыўна выступаў супраць гэтага патрабаваньня БНФ), што праводзілася «гвалтоўная беларусізацыя» (тады як Закон аб мовах, прыняты Вярхоўным Саветам, дзе яшчэ не было апазыцыі БНФ, прадугледжваў паэтапны пераход цягам 10 (дзесяці!) гадоў), што Пазьняк клапаціўся выключна пра беларускую мову (я знайшоў толькі два такіх ягоных выступу на сэсіях ВС за шэсьць гадоў), што Народны Фронт ня меў эканамічнай праграмы (за 1990-95 гг. іх было чатыры плюс некалькі дзясяткаў эканамічных законапраектаў). І гэта далей.

У апошнія месяцы я адмовіўся ад некалькіх прапаноў ютуб-каналаў аб інтэрвію пра падзеі першых гадоў Незалежнасьці – пераканаўся, што яны ня маюць сэнсу. Абсалютна. Бо што б ты ні сказаў, потым зьявяцца фантасмагарычныя нататкі літаратара ці развагі якога аналітыка з дыплёмам заходняга ўнівэрсытэіту, дзе левая прафэсура ўбіла яму ў галаву, што «нацыяналізм = фашызм». Гэтак можна бясконца бегчы па коле, як тая вавёрка.

Пісаць дакумэнтальныя кнігі пра тыя падзеі яшчэ ёсьць сэнс, бо яны маюць шанец быць прачытанымі праз колькі гадоў хоць трыма-чатырма цікаўнымі. І, канешне, захоўваць дакумэнты, ды запісваць успаміны ўдзельнікаў падзеяў.

А ўсьведамленьня грамадзтвам рэальнай найноўшай гісторыі на маім вяку, баюся, ужо не дачакацца.
Ці падтрымалі б вы ўваход у Беларусь войска пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам з мэтай сілавога зьвяржэньня нелегітымнага прарасейскага рэжыму Лукашэнкі?
Anonymous Poll
80%
Так
7%
Не
13%
Ня маю адказу
Дарагія сябры! Сёньня – гадавіна адной з найбольш важных падзеяў у гісторыі нацыі: 25 Жніўня 1991 Беларусь абвясьціла Незалежнасьць. Зьберагчы Незалежнасьці няпроста, але яшчэ больш цяжкімі былі стагодзьдзі змаганьня за яе нашых продкаў. Васіль Быкаў казаў, што кожны чалавек праходзіць свой шлях да свабоды асобна; відаць, і ў кожнай нацыі свая, адрозная ад іншых, дарога да Незалежнасьці. Галоўнае – ня збочыць з гэтай дарогі. Усіх віншую, і – Жыве Беларусь!
Юбілей самай чорнай фігуры ў гісторыі Беларусі — нагода падсумаваць маю дыскусію з былымі “маладымі ваўкамі” (і сёньняшнімі маладымі аналітыкамі) пра 1994 год.

Апраўданьні можна шукаць бясконца, варыянты выбудоўваць розныя, але ісьціна вельмі простая.

Нельга было ўводзіць прэзыдэнцтва ў краіне, народ якой яшчэ не апрытоміў пасьля дзьвухсотгадовай імпэрскай акупацыі і не ўсьвядоміў каштоўнасьці Незалежнасьці. Гэта тое, пра што мы казалі ў той час бясконца, і нават блякавалі прыняцьце “прэзыдэнцкіх” разьдзелаў Канстытуцыі.

Нельга было вылучаць у прэзыдэнты краіны таго, хто адкрыта заяўляў пра яе ліквідацыю. Гэта тое, што выдатна разумеў актывіст БНФ у самай глухой вёсцы, але не разумелі “бліскучыя юрысты” Ганчар і Булахаў (“Суверенитет не есть икона, на которую нужно молиться”— іх фраза, дакладная цытата).

Вось, уласна, і ўсё.
Пасьля 1996 Захад не прызнаваў рэжым Лукашэнкі, але амбасады ў Менску прысутнічалі. Ці згодныя Вы зь вяртаньне амбасадаў узамен на вызваленьне ЎСІХ палітвязьняў?
Anonymous Poll
75%
Так
11%
Не
14%
Ня маю адказу
2024/09/27 21:31:40
Back to Top
HTML Embed Code: