Warning: Undefined array key 0 in /var/www/tgoop/function.php on line 65

Warning: Trying to access array offset on value of type null in /var/www/tgoop/function.php on line 65
- Telegram Web
Telegram Web
#alala_байка
Магчыма, вы ніколі не звярталі ўвагі, але на вокладцы Бібліі ў перакладзе Францішка Скарыны напісана «Бивлиꙗ» — з літарай -в-. Чаму так? Дакладнага тлумачэння дагэтуль не існуе. Але больш ніхто так ніколі не рабіў.

Крыніца малюнку.

>>>>
<<<<

На мяжы эпох у Грэцыі размаўлялі на кайнэ — разнавіднасці грэчаскай мовы, якая ўжо істотна адрознівалася ад класічнай мовы Платона і Арыстоцеля, але яшчэ не была сучаснай грэчаскай. За некалькі стагоддзяў грэчаская мова назапасіла шмат змен, асабліва ў фанетыцы. Напрыклад, старажытнагрэчаскі губа-губны зычны /б/ ператварыўся ў губа-зубны /в/. У сувязі з гэтым літара β, якую мы звыкла называем «бэта» (напрыклад, у матэматыцы), у сучаснай грэчаскай мове ўжо больш за тысячу гадоў завецца «віта».

Іншы прыклад — літара η. Яе называлі «эта», бо яна абазначала доўгае /е/ (калі дакладна, то /ɛː/). З цягам часу гук змяніўся і наблізіўся да /і/, таму літару пачалі называць «іта».

***

Слова «Біблія» паходзіць ад грэчаскага βιβλία — «кнігі». У сваю чаргу, βιβλίον («кніжка») звязана з βύβλος — «папірус».

Папірус у Старажытную Грэцыю завозілі з фінікійскага горада G-b-l. Фінікійская мова належыць да семіцкай моўнай сям’і, дзе тыповай з’яўляецца каранёвая структура слова з трыма зычнымі, паміж якімі вар’іруюцца галосныя ў залежнасці ад граматычнай формы. Грэкі ж называлі гэты горад Βύβλος.

Сёння існуюць дзве асноўныя версіі паходжання гэтага слова:

* першая — што Βύβλος з’яўляецца грэцкай адаптацыяй фінікійскай назвы G-b-l, пры гэтым першы зычны гук быў заменены, а ўжо ад назвы горада пайшла назва матэрыялу — βύβλος, то бок «папірус»;
* другая — што слова βύβλος мае дагрэчаскае паходжанне, і горад быў названы Βύβλος менавіта як «горад папірусу», а супадзенне з G-b-l — выпадковае.

Так ці інакш, грэчаская назва горада Біблас з’яўляецца аднакарэннай са словам «Біблія».

Горад згадваецца і ў самой Бібліі — напрыклад, у Трэцяй кнізе Царстваў (5:18) і ў кнізе прарока Езекііля (27:9). Аднак перакладчыкі традыцыйна выкарыстоўваюць не грэчаскую форму, а семіцкую. У беларускім перакладзе Васіля Сёмухі гэта Гіўліцяне і Гевал, у лацінскай Вульгаце двойчы ўжываецца форма Giblii ва ўскосным склоне, а ў англійскай версіі караля Якава — Gebal.

***

Лацінскія тэксты Свяшчэннага Пісання былі перакладзены з грэчаскай мовы яшчэ ў першыя стагоддзі нашай эры. Так, Біблія Вульгата была створана ў V стагоддзі як спроба ўніфікаваць шматлікія лацінскія пераклады, што з'явіліся яшчэ раней. У запазычаных грэчаскіх словах і імёнах Вульгата захоўвае асаблівасці класічнага вымаўлення: β перадаецца як b, η — як e.

Аднак, калі ў IX стагоддзі Кірыл і Мяфодзій стваралі славянскія пераклады, іх родная грэчаская мова ўжо істотна змянілася. Таму ў славянскіх тэкстах адлюстравана новае грэчаскае вымаўленне. Вось некалькі прыкладаў:

* Βηθλεεμ → лац. Bethlehem → англ. Bethlehem → царкоўнаслав. Виѳлеемъ → бел. Віфляем
* Βαῤῥαββᾶν → лац. Barrabas → англ. Barabbas → царкоўнаслав. Варавва → бел. Варава
* Βεελζεβοὺλ → лац. Beelzebub → англ. Beelzebub → царкоўнаслав. Веельзевулъ → бел. Вэльзэвул
* Βηθανία → лац. Bethania → англ. Bethania → царкоўнаслав. Виѳанiя → бел. Віфанія
* Βαβυλών → лац. Babylonis → англ. Babylon → царкоўнаслав. Вавилонъ → бел. Вавілон

І гэта толькі частка прыкладаў. Вядома, словы падарожнічалі па Еўропе, пераходзілі з мовы ў мову, тэксты ўплывалі адно на адно, таму ўвогуле сітуацыя больш заблытаная. Напрыклад, менавіта з заходнееўрапейскай формы назвы Bethlehem паходзіць беларускае слова «батлейка». А з грэчаскага βασιλεύς («цар») утварыліся іх «базілік» і наш «васілёк», іх «Базіліё» і наш «Васіль», іх «базіліка» і наш «васіліск».

>>>>
<<<<

Калі ў часы Адраджэння вучоныя зноў зацікавіліся антычнымі творамі, паўстала важнае пытанне: як правільна чытаць старажытнагрэчаскія тэксты?

Адным з падыходаў было чытанне паводле сучаснага на той момант грэчаскага вымаўлення — скажам, вымаўляць β як /в/, η як /і/ і г.д. Гэты варыянт атрымаў назву рэйхлінава вымаўленне — па імені філосафа Іагана Рэйхліна, які актыўна яго прасоўваў.

Аднак іншы вядомы гуманіст, Эразм Ратэрдамскі, які глыбока вывучаў антычныя тэксты, прыйшоў да высновы, што мова старажытных грэкаў істотна адрознівалася ад грэчаскай XVI стагоддзя. Абапіраючыся на тое, як грэчаскія словы перадаваліся ў антычных лацінскіх тэкстах, Эразм прапанаваў рэканструяванае вымаўленне: β вымаўляецца як /б/, η — як доўгае /ɛː/ (гэтак, як /е/ у слове «песня», толькі працяглей).

Насамрэч, яшчэ раней за Эразма Альд Мануцый, знакаміты венецыянскі друкар і гуманіст, таксама зацікавіўся гэтым пытаннем. У радку паэзіі Краціна ён знайшоў запіс бляяння авечкі: βῆ βῆ. Альд заўважыў: наўрад ці хто-небудзь падумае, што авечка кажа «ві-ві» — значыць, вымаўленне грэчаскай мовы ў антычнасці сапраўды адрознівалася ад сучаснага! Гэта назіранне стала адным з аргументаў на карысць ідэі, што вымаўленне антычнай грэчаскай павінна быць рэканструявана гістарычна, а не запазычана з пазнейшых формаў мовы.

***

Слова «Біблія» — гэта выключэнне з агульнай славянскай тэндэнцыі перадаваць грэчаскія словы паводле рэйхлінавага вымаўлення: яна «Біблія», а не «Вівлія». Справа ў тым, што сама форма «Библия» ўзятая з лацінскага перакладу і адносна новае слова — яно ўпершыню сустракаецца ў Генадзьеўскай Бібліі 1499 года. Да гэтага часу славяне называлі Свяшчэннае Пісанне проста «кънигы».

Форму «Вівлія» таксама можна знайсці ў розных тэкстах. Напрыклад, у царкоўнаславянскім перакладзе ў Трэцяй кнізе Царстваў згадваюцца «каменосѣчцы Гевалстiи», але ў кнізе Езекііля — «старѣйшины вивлійстiи», то-бок старэйшыны з горада Вівлас / Біблас / Гевал.

У прадмове да Астрожскай Бібліі 1581 года Герасім Сматрыцкі адзначае, што чытачу прапанаваны кнігі абодвух Запаветаў, якія ў грэчаскай мове называюцца «Вивліа». А Сымон Будны ў сваім Катэхізісе ставіць пытанне: «Што Божьіимъ словомъ называешь?» і адказвае: «Всё оное, штокольвѣ дхомъ стымъ писали Пророци, Евангелисты и Апостоли, што по греческии Вивліа зовутъ».

Такім чынам, «Біблія» — найбольш распаўсюджаны варыянт, які прыйшоў з латыні, а «Вівлія» — гэта форма, якая сустракаецца ў дакументах і паходзіць з больш сучаснай грэчаскай мовы... Але Скарына напісаў «Бивлиꙗ», аб'яднаўшы два варыянты ў адзін. Ён быў ледзь не адзіны са славянскіх перакладчыкаў, хто выкарыстаў менавіта такую форму. І што цікава: ён быў даволі паслядоўны ў гэтым выбары: у Трэцяй кнізе Царстваў ён піша «Бивлияне».
І мы не ведаем, чым Скарына кіраваўся, калі абраў менавіта гэтую ўнікальную форму!
#alala_alala
1. Старонка з Генадзьеўскай Бібліі, імаверна першае славянскае ўжыванне слова «Біблія». Крыніца (спасылка, нажаль, больш не працуе).
2. Фрагмент Катэхізіса Сымона Буднага са словам «Вівлія». Увесь дакумент тут.
3. Урывак з прадмовы да Астрожскай Бібліі са словам «Вівлія». Увесь дакумент тут.
4. Скарынінскія Бивлияне. Увесь дакумент тут.
#alala_alala
Філалош разам з групай энтузіястаў працуе над перакладам Heroes of Might and Magic III: Horn of the Abyss на беларускую мову. Шмат тэкстаў ужо адаптаваны — засталіся толькі радкі з кампаній і сцэнарыяў (але іх вельмі шмат).

Дарэчы, пераклад трэціх «Герояў» на беларускую вядзецца не толькі ў гэтай камандзе — існуюць і іншыя ініцыятывы. Варыянт, у якім удзельнічае Філалош, мае некалькі асаблівасцяў:

* існуе папярэдняя дамоўленасць з распрацоўшчыкамі HotA, што беларуская версія атрымае афіцыйны статус і будзе дададзена ў гульню;
* пераклад арыентуецца не на глыбокую лакалізацыю, а на захаванне атмасферы і стылю арыгіналу. Няма мэты пераймяноўваць герояў або гарады паводле нацыянальнага каларыту ці падбіраць істотам адпаведнікі з усходнеславянскай дэманалогіі — толькі даць магчымасць гуляць у тых самых, знаёмых «Герояў», але па-беларуску.
#alala_слова
Згодна з рэканструкцыямі, у праіндаеўрапейскай мове галосныя ў каранях слоў сістэматычна чаргаваліся. Гэтая з’ява, вядомая пад назвай «аблаўт» (ням. Abstufung der Laute — чаргаванне гукаў), перайшла і ў мовы-нашчадкі, хоць не заўсёды іх можна разглядзець пад тысячагадовым пластом новых гукавых змен. І ўсё ж беларускія «легчы» / «лажыцца» або «несці» / «носіць» — гэта рэшткі вельмі старажытных чаргаванняў.

Сам тэрмін «аблаўт» прапанаваў Якаб Грым, але яшчэ за 2500 гадоў да яго падобную з’яву апісаў старажытнаіндыйскі граматык Паніні ў сваёй працы пра санскрыт.

***

Найбольш тыповы праіндаеўрапейскі корань уключаў галосны /e/, а таксама адзін або некалькі зычных да і пасля яго. У залежнасці ад граматычнага кантэксту, галосны мог чаргавацца, утвараючы некалькі ступеняў аблаўту:

* звычайнае /e/;
* доўгае /ē/;
* /o/;
* доўгае /ō/;
* нулявая ступень — без галоснага. У такіх выпадках мог змяняцца характар наступнага зычнага: напрыклад, гук /j/ пераўтвараўся ў /i/, /w/ — у /u/, а зычныя /l/, /r/, /m/, /n/ рабіліся складовымі, як у сучасных чэшскай ці славацкай.

Чаргаванні адбываліся не выпадкова, а былі падпарадкаваны спецыяльным шаблонам: так, адзіночны лік актыўнага перфекта заўсёды мае галосны /o/. Дарэчы, праіндаеўрапейскі аблаўт пачынае трошкі нагадваць семіцкі корань: і там, і там ёсць аснова з зычных, да якой дапасуюцца розныя галосныя, утвараючы новыя формы і словы. Некаторыя даследчыкі нават спрабуюць вывесці, што гэтыя з'явы паходзяць з агульнага фанетычнага чаргавання больш старажытнай настратычнай мовы, гіпатэтычнага продка праіндаўрапейскай, прасеміцкай, праўральскай і розных іншых моўных сямей. Філалош нагадвае, што настратычная гіпотэза вельмі спрэчная, бо рэканструкцыі моў, што нібыта існавалі дзесяць тысяч гадоў таму, непазбежна грунтуюцца на вельмі абмежаваных звестках і дапушчэннях, таму яны настолькі недакладныя, што ў іх лёгка ўкласці любыя спекуляцыйныя паралелі.

***

У старажытнагрэчаскай мове даволі паслядоўна дзеяслоў цяперашняга часу першай асобы адзіночнага ліку мае -e- ступень, тады як назоўнік, утвораны ад гэтага дзеяслову, пабудаваны праз -о- ступень. Гэта рэшткі аблаўту:

* λέχομαι — «я кладуся», але λόχος — «засада» (і тыя, хто ляжаць у засадзе). Дарэчы, ад λόχος утвораны ўсе тыя смешныя старажытнагрэчаскія імёны тыпу Архілох, Антылох. Беларускія «легчы» / «лажыцца» — з таго ж кораня.
* τέμνω — «я рэжу», але τόμος — «кусочак, адрэзак». Ад гэтага τόμος паходзіць шмат слоў: «том» (частка вялікага выдання), «атам» (недзялімая частыца), «тамаграфія» (падзел на пласты), «энтамалогія» (навука пра істот, «насечаных» на сегменты).
* λέγω — «я кажу», але λόγος — «нешта сказанае». Гэты «логас» — добра вядомы панятак з філасофіі, а таксама захоўваецца ў выглядзе -логія ў назвах розных навук.
* πέκω — «я расчэсваю», але πόκος — «шэрсць». Лічыцца, што з таго ж праіндаеўрапейскага продка паходзіць англійскае fight — «біцца». Fight — «няправільны» або «моцны» дзеяслоў, які ўтварае формы мінулага часу без дапамогі суфікса -ed: fight — fought — fought. Чаргаванне галосных у моцных дзеясловах германскіх моў захоўвае водгалас праіндаеўрапейскага аблаўту.
#alala_факт
У раннім Савецкім Саюзе эсперанта ўспрымалася як мова будучыні — мова сусветнай рэвалюцыі і міжнародных зносін пралетарыяту. Яе актыўна падтрымлівалі: ствараліся гурткі, друкаваліся часопісы, ладзіліся канферэнцыі.

У 1927 годзе дзіцячы часопіс «Беларускі піонэр» пісаў пра поспехі школьнікаў-эсперантыстых і заклікаў чытачоў далучацца да перапіскі з замежнымі дзецьмі — з абяцаннем дапамагчы з перакладам лістоў на эсперанта.

Крыніца: «Беларускі піонэр» №18, 1927 (праз https://knihi.com/)
#alala_alala
Чытачы прапанавалі адкрыць каментарыі да філалабаек, таму — апытанка.
#alala_каляндар
75 гадоў таму, 9 мая 1950 года, у газеце «Праўда» распачалася дыскусія пра «новае вучэнне пра мову» Мікалая Мара — тэорыю, якая супярэчыла сусветнай лінгвістычнай навуцы, але дзесяцігоддзі гвалтоўна насаджалася ў СССР падобна мічурынскай аграбіялогіі Лысенкі. Дыскусія скончылася ў чэрвені, калі з’явіўся знакаміты артыкул Сталіна «Марксізм і пытанні мовазнаўства», у якім марызм быў жорстка раскрытыкаваны.

Пасля 1950 года і да развянчання культу асобы галоўным аўтарытэтам у савецкім мовазнаўстве стаў сам Сталін: вялікая колькасць лінгвістычных артыкулаў пачыналася са спасылкі на яго «геніяльную» працу.
2025/07/02 01:06:29
Back to Top
HTML Embed Code: