tgoop.com/belarus_finance/155
Last Update:
Тэма карпаратыўнага кіравання - адна з ключавых у свеце фінансаў, фондавых рынкаў і інвестыцый. Як сістэма стрыманняў і проціваг неабходная дзеля доўгатэрмінова ўстойлівага дэмакратычнага ладу, так і добра пабудаваная сістэма карпаратыўнага кіравання неабходная дзеля таго, каб кампанія функцыянавала паспяхова і ў інтарэсах акцыянераў.
Адной з галоўных прычынаў амаль любога буйнога карпаратыўнага скандалу (і асабліва скандалаў, звязаных з банкруцтвам ці махлярствам) з’яўляюцца менавіта недахопы ў карпаратыўным кіраванні. Нядаўняе банкруцтва крыптабіржы FTX - яскравы прыклад. Аслепленыя цудоўнымі фінансавымі вынікамі інвестары пагадзідіся не мець ніводнага свайго прадстаўніка ў Савеце Дырэктароў (і не кантраляваць заснавальніка такім чынам) - і вось вынік.
Нават калі мы не кажам пра махлярства ці банкруцтва - бывае, што ў кампаніі геніяльны заснавальнік і зайздросны прыбытак. Здавалася б - навошта нешта мяняць, замінаць яму, марудзіць працэсы? І інвестары пагаджаюцца, напрыклад, каб у заснавальніка была большасць галасоў пры прыняцці рашэнняў (нават калі ў яго нашмат менш за палову акцый). І нейкі час гэта працуе, бо заснавальнік прымае добрыя рашэнні і капіталізацыя расце. Але заўсёды існуе рызыка, што чалавек схопіць “сіндром бога” і пачне інвеставаць дзесяткі мільярдаў у праекты з сумнеўнымі перспектывамі. А механізмаў спыніць яго (акрамя продажу акцый інвестарамі) - няма, і кампанія губляе сотні мільярдаў капіталізацыі. Думаю, вы здагадаліся, што гэты выпадак заснаваны на тым, што зараз адбываецца з Meta пад кіраўніцтвам Марка Цукерберга (але, вядома, падобных выпадкаў шмат - і не толькі ў бізнэсе).
Канешне ж, гэтая тэма істотная і для Беларусі. У ідэале нашы публічныя кампаніі (і дзяржаўныя ў тым ліку) павінны працаваць эфектыўна і прыносіць інвестарам даходнасць (пры гэтым не крыўдзячы мінарытарыяў), бюджэту - падаткі, працаўнікам - занятасць і добрыя ўмовы працы. Калі мы хочам, каб інтарэсы ўсіх гэтых груп улічваліся і балансаваліся, а мэнэджмэнт кантраляваўся і меў неабходныя стымулы і кампетэнцыі - без адаптацыі лепшых практык карпаратыўнага кіравання (такіх, як наяўнасць незалежнага і кампетэнтнага Савета Дырэктароў і інш.) не абыйсціся.
Мяне вельмі цешыць, што існуе пераклад аднаго з найбольш вядомых падручнікаў па карпаратыўнаму кіраванню на беларускую мову. Рэкамендую ўсім, каму цікавая тэма і хто хоча палепшыць веды прафесійнай лексікі па-беларуску. Гэта выдатны праект, і я спадзяюся, што з цягам часу будзе з’яўляцца ўсё больш такіх якасных матэрыялаў па эканоміцы і фінансах на беларускай мове.
BY Belarus_Finance
Share with your friend now:
tgoop.com/belarus_finance/155