Warning: Undefined array key 0 in /var/www/tgoop/function.php on line 65

Warning: Trying to access array offset on value of type null in /var/www/tgoop/function.php on line 65
- Telegram Web
Telegram Web
#alala_каляндар
16 лютага 2022 года памерла Крысціна Кальдэрон, апошні носьбіт яганскай мовы і апошняя паўнакроўная прадстаўніца яганскага народу.

Яганская мова — мова-ізалят, яе роднасныя сувязі з іншымі мовамі не высветлены. Мову часам называюць самай паўднёвай у свеце: яганскі народ жыў на архіпелагу Вогненная Зямля.

Знакамітым словам яганскай мовы з'яўляецца «Mamihlapinatapai», якое перакладаюць як «позірк паміж двума людзьмі, калі яны абодва жадаюць нешта зрабіць, але кожны спадзяецца, што гэтую дзейнасць распачне другі». Яго згадваюць у кнігах па тэорыі гульняў — у кантэксце дылемы валанцёра, калі хтосьці з гульцоў мусіць трохі ахвяраваць, каб у выніку ўсе гульцы не зазналі больш вялікай паразы. Калі ў хаце чамусьці не грэе батарэя і ўсім холадна, варта патэлефанаваць у ЖЭС і спытаць, што здарылася — але ніхто не хоча тэлефанаваць у ЖЭС, бо там доўга чакаць адказу і непрыемны аператар. І вось тут надыходзіць момант Mamihlapinatapai. Гэтым жа словам апісваюць позірк паміж людзьмі, якія гатовыя распачаць любоўныя адносіны, але саромеюцца зрабіць першы крок.

«Mamihlapinatapai» нават трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінэса як слова з самым ёмістым значэннем.

Як гэта звычайна здараецца з лінгвістычнымі фактамі з Кнігі рэкордаў Гінэса, ён памылковы.

Марфалагічна «mamihlapinatapai» пабудавана так:
* корань ihlapi значыць «няёмкі, нязграбны»;
* суфікс -na утварае дзяслоў стану: ihlapi-na, «адчуваць сябе няёмка»;
* суфікс каўзатыву -ta дадае сэнс прычыннасці: ihlapi-na-ta, «выклікаць пачуццё няёмкасці»;
* нарэшце, прэфікс mam- утварае зваротны дзеяслоў (як у беларускай мове гэта робіць постфікс -ся: «мыю» — «мыюся»), а разам з постфіксам -pai парнага ліку атрымліваецца слова mamihlapinatapai са значэннем «выклікаць пачуццё няёмкасці адзін у аднаго».

Распаўсюджаны сэнс пра позірк паміж людзьмі ж пайшоў з рукапісаў місіянера і лінгвіста Томаса Брыджэса, які даследаваў народ ягана ў другой палове XIX стагоддзя. Ён шмат часу правёў на Вогненнай зямлі і працаваў над яганска-англійскім слоўнікам і граматыкай мовы. Але, здаецца, стаў ахвярай свайго перфекцыянізму: вядома, што ён стварыў прынамсі 20 рукапісных версій слоўніка і бясконца дапрацоўваў граматыку, але так і не выдаў іх падчас свайго жыцця. Калі Брыджэс сустракаў новае слова, якое не разумеў, ён імкнуўся апісваць усю сітуацыю, у якой яно прагучала. Так, у адной з ранейшых версій слоўніка слова «ihlapinata» перакладзена як «немагчымасць дапамагчы (рассудзіць спрэчку), бо абодва ўдзельнікі блізкія людзі». Сапраўды прыклад сітуацыі, якая выклікае пачуццё няёмкасці, але сэнс слова ўсё ж мусіць быць больш шырокім.

Такі ж лёс і ў слова «mamihlapinatapai», якое, дарэчы, не сустракацца непасрэдна ў слоўніках яганскай мовы, а толькі ў нататках Брыджэса. Цікава, што Крысціна Кальдэрон слова «mamihlapinatapai» увогуле не ведала...
#alala_alala
Вось, дарэчы, фрагмент з рукапісу 1865 года, дзе Брыджэс тлумачыць слова «ihlapɛnata» як «To be unable to to help thro’ the parties being near of kin» (надпіс самым цёмным колерам у сярэдзіне карцінкі). У гэтых запісах літарай -ɛ- Брыджэс пазначае доўгі гук [i:].

Крыніца (старонка 012a ў слоўніку Yahgan–English).
#alala_каляндар
Міжнародны дзень роднай мовы — гэта не толькі свята, але і дзень памяці.

У першай палове XX стагоддзя ў Брытанскай Індыі было неспакойна. З аднаго боку, гучалі заклікі да незалежнасці ад брытанскай кароны, з другога — абвастраліся канфлікты паміж дзвюма асноўнымі групамі насельніцтва: індуістамі і мусульманамі.

У 1947 годзе калонія падзялілася на дзве дзяржавы: індуісцкае Каралеўства Індыю і мусульманскі Дамініён Пакістан. Пакістан складаўся з дзвюх тэрыторый, якія не мяжавалі паміж сабой: Усходняга і Заходняга Пакістана.

У заходняй частцы Пакістана знаходзілася сталіца, рэгіён меў найлепшую эканоміку, больш месцаў у парламенце і атрымліваў значна больш сродкаў з бюджэту. У той час ва Усходнім Пакістане пражывала большая частка насельніцтва, у асноўным бенгальцы, для якіх роднай была бенгальская мова.

Нягледзячы на гэта, урад Пакістана прыняў рашэнне ўсталяваць урду адзінай дзяржаўнай мовай, не надаўшы бенгальскай мове ніякага статусу.

Урду — гэта мова, вельмі блізкая да хіндзі, традыцыйна лічыцца мовай індыйскіх мусульман, а яе пісьменнасць заснавана на арабскай вязі. Для мусульманскай дзяржавы такі выбар быў зразумелым, аднак гэтае рашэнне ігнаравала інтарэсы большасці насельніцтва Усходняга Пакістана, дзе размаўлялі па-бенгальску.

Рух за наданне бенгальскай мове афіцыйнага статусу пачаўся амаль адразу пасля падзелу Індыі. Аднак урад Пакістана ўспрымаў яго як пагрозу адзінству мусульманскай нацыі.

У 1952 годзе канфлікт дасягнуў свайго піку: генерал-губернатар Пакістана катэгарычна падтрымаў урду як адзіную дзяржаўную мову. 21 лютага 1952 года ў Даке адбылося сутыкненне студэнтаў-бенгальцаў з паліцыяй, у выніку чаго некалькі дэманстрантаў загінулі. Гэтая трагедыя выклікала хвалю пратэстаў і забастовак, якія працягваліся некалькі дзён.

Праз два гады, пасля новага абвастрэння сітуацыі, улады Пакістана прызналі бенгальскую мову адной з дзяржаўных. Аднак гэта не змагло вырашыць усе супярэчнасці паміж Усходнім і Заходнім Пакістанам. У 1971 годзе выбухнула вайна, у выніку якой Усходні Пакістан атрымаў незалежнасць і стаў дзяржавай Бангладэш.

У памяць аб загінуўшых у той трагічны дзень у Бангладэш 21 лютага адзначаюць Дзень руху за бенгальскую мову. А ў 1999 годзе ЮНЕСКА падтрымала прапанову Бангладэш аб усталяванні 21 лютага свята — Міжнароднага дня роднай мовы.
#alala_байка

Дэшыфроўка стараперсідскага клінапісу спрыяла даследаванню іншых клінапісных моў, у тым ліку акадскай — семіцкай мовы, роднаснай мове Старога Запавету, а таксама сучасным арабскай і іўрыту.

***

Семіцкія плямёны з'явіліся ў Месапатаміі прыкладна ў сярэдзіне III тысячагоддзя да нашай эры, калі там дамінавала шумерская цывілізацыя. Праз некалькі стагоддзяў Саргон, прадстаўнік семіцкага народу, заваяваў усю Месапатамію. Дакладныя падрабязнасці ягонага ўздыму невядомыя, бо адпаведная таблічка разбітая, і гісторыкі валодаюць толькі аскепкамі гэтай гісторыі. Паводле легенды, будучага цара таемна нарадзіла жрыца і, паклаўшы ў трысняговы кошык, пусціла па рацэ Еўфрат. Дзіця не загінула — яго знайшоў і выгадаваў ваданос. Саргон працаваў садоўнікам, але атрымаў прыхільнасць багіні Інаны, што дапамагло яму прыйсці да ўлады прыкладна ў 2330 годзе да н. э.

Гісторыя героя, якога ў дзяцінстве пакінулі на волю лёсу, але яго выратаваў спагадлівы мінак, з'яўляецца архетыпічнай і сустракаецца, напрыклад, у аповедах пра Майсея і Эдыпа.

Саргон быў таленавітым военачальнікам: незалежныя шумерскія гарады не здолелі супрацьстаяць яго арміі. Ён заснаваў дзяржаву, якую часта называюць першай імперыяй у гісторыі. Галоўным горадам імперыі быў Акад, адкуль паходзіць і яе назва, а таксама назва акадскай мовы. Дарэчы, дакладнае месцазнаходжанне Акада дагэтуль невядомае, і магчыма, археалагічныя адкрыцці яшчэ наперадзе.

У дзяржаўных справах Саргон выкарыстоўваў акадскую мову. Пры яго кіраванні з'явіліся першыя запісаныя тэксты на акадскай мове, выкананыя шумерскім клінапісам. Акадцы і шумеры сфармавалі агульную культурную прастору: акадцы запазычылі шумерскія міфалагічныя ўяўленні, хаця і называлі багоў па-свойму. Напрыклад, шумерская багіня Інана ў акадскай міфалогіі вядомая як Іштар.

Акадская імперыя існавала каля 180 гадоў, пасля чаго яе заваявалі гутыі — народ невядомага паходжання. Працягласць іх панавання ў Месапатаміі не цалкам ясная: ацэнкі вар'іруюцца ад некалькіх гадоў да амаль стагоддзя. Перамог гутыяў Утухенгаль, цар Урука, які выгнаў іх і абвясціў сябе кіраўніком Шумера і Акада. Аднак яго ўлада аказалася нядоўгай: яго змяніў Ур-Намму з Ура, былы ваенны намеснік, які заснаваў Трэцюю дынастыю Ура. Гэта была першая таталітарная дзяржава і апошняе шумерскае царства. Шумерская мова зноўку функцыянавала як дзяржаўная. Таблічка Філалоша, дарэчы, таксама з часоў трэцяй дынастыі Ура — яна выканана па-шумерску. Пры гэтым у штодзённым жыцці акадская мова працягвала выціскаць шумерскую.

Дзяржава Трэцяй дынастыі Ура праіснавала каля стагоддзя і пасля распалася. Гэта была апошняя вялікая шумера-акадская краіна ў Месапатаміі, далей у рэгіёне дамінавалі іншыя народы. Вялікую ролю адыгрывалі Асірыя і Вавілон, дзе гаварылі на асірыйскай і вавілонскай мовах, якія часта разглядаюць як дыялекты акадскай.

Акадская мова асірыйцаў і вавіланян зрабілася асноўнай мовай міжнародных зносін у рэгіёне. Напрыклад, у XIV—XIII стагоддзях да н. э. адбылася бітва пры Кадэшы паміж войскамі егіпецкага фараона Рамсеса II і хецкім царствам. Гэта адна з найстарэйшых бітваў, запісы пра якую захаваліся з абодвух бакоў. І егіпцяне, і хеты лічылі сябе пераможцамі, хоць вынік быў хутчэй нічыёй. Па яе выніках была складзена мірная дамова, запісаная, у тым ліку, акадскай мовай.

На пачатку I тысячагоддзя да н. э. акадская мова захоўвала статус рэлігійнай і афіцыйнай, але паступова выцяснялася арамейскай. Тым не менш, нават у канцы VI стагоддзя да н. э. персідскі цар Дарый яшчэ рабіў свае манументальныя надпісы ў тым ліку па-акадску.

***

Гісторыя акадскай мовы і яе дыялектаў, асірыйскага і вавілонскага, ахоплівае амаль дзве тысячы гадоў. За гэты час было створана мноства тэкстаў. Так, у сярэдзіне XIX стагоддзя ў былой сталіцы Асірыі, горадзе Ніневія, археолагі выявілі бібліятэку цара Ашурбаніпала, сабраную ў VII стагоддзі да н. э. У ёй было знойдзена каля 30 000 таблічак, і большасць з іх былі напісаныя менавіта акадскай мовай.
#alala_байка
У XIX стагоддзі лінгвісты навучыліся чытаць па-старажытнаперсідску, і гэта дазволіла пачаць дэшыфраваць і акадскі клінапіс, бо існавала шмат запісаў, выкананых на некалькіх мовах паралельна. Такім быў, напрыклад, Бехістунскі надпіс, паўтораны на старажытнаперсідскай і эламскай мовах, а таксама на вавілонскім варыянце акадскай.

Некаторыя крыніцы пішуць, што акадскую мову цалкам дэшыфраваў даследчык Генры Роўлінсан. Маўляў, ён скапіяваў Бехістунскі надпіс, здолеў прачытаць спачатку персідскі варыянт, а потым і акадскі тэкст.

Насамрэч, значны ўнёсак таксама зрабіў ірландскі святар Эдвард Хінкс. Хінкс быў тым, хто здолеў суаднесці рукапісныя клінапісныя значкі гліняных таблічак з вялікімі выбітымі знакамі манументальных надпісаў, то-бок супаставіў рэгулярны шрыфт і курсіў (а гэта, між чынам, нетрывіяльная задача, бо нават у беларускай мове курсіўныя літары не заўсёды падобны на свае прамыя аналагі: гдт і гдт). Таксама Хінкс не сумняваўся ў семіцкім паходжанні акадскай мовы і таму першым змог прачытаць слова, якое не было ўласным імем: 𒀀𒈾𒆪, anāku — «я». Дарэчы, першы сімвал, 𒀀, ужо сустракаўся ў філалабайках: ён чытаўся прыкладна як /а/ і ў шумерскай мове таксама.

Слова anāku роднаснае біблейскаму אנוכי, anokhí, і фінікійскаму 𐤀𐤍𐤊, ʾanīki.

***

Фінікійская мова запісвалася фінікійскім алфавітам. Гэта быў менавіта алфавіт: кожная літара пазначала адзін гук. Але алфавіт кансанантны — літарамі перадаваліся толькі зычныя гукі, а галосныя проста прапускаліся. Так, у згаданым вышэй слове 𐤀𐤍𐤊 ʾanīki, тры літары: першая паказвала гартанную смычку, другая — зычны /n/, трэцяя — зычны /k/. Майце на ўвазе, што фінікійскае слова пішацца справа налева.

Семіцкія мовы даволі часта запісваюцца кансанантным пісьмом, чаму спрыяе марфалогія семіцкіх моў. Семіцкі корань складаецца з трох зычных гукаў, а пры словазмяненні вакол іх дадаюцца іншыя гукі. Напрыклад, арабскі корань «k–t–b» мае значэнне «піса́ць». Вось словы з гэтым коранем:
* kataba — (ён) «пісаў»
* yaktubu — (ён) «он піша»
* kātib — «пісьменнік»
* katb — «ліст»
* kitāb — «кніга» (менавіта словам «кітаб» называюцца кнігі беларускіх татараў, выкананыя арабскім пісьмом).
У гэтым семіцкія мовы значна адрозніваюцца ад індаеўрапейскіх моў, у тым ліку беларускай, дзе корань слова — гэта паслядоўнасць галосных і зычных, а ўтварэнне новых слоў і формаў у асноўным адбываецца праз прыстаўкі і суфіксы. Кансанантнае пісьмо дазваляе запісаць семіцкі корань — тры зычныя гукі, а правільнае вымаўленне і адпаведную граматычную форму слова можна зразумець з кантэксту.

Фінікійскае пісьмо знакамітае тым, што ад яго паходзяць шмат сучасных пісьменнасцяў, у тым ліку кірыліца. У слове 𐤀𐤍𐤊 выкарыстаны продкі літар А, К, Н. Варта дадаць трошкі храналогіі: найбольш старажытныя вядомыя надпісы, выкананыя фінікійскім алфавітам, былі створаны ў X стагоддзі да н. э., то-бок дзесьці праз 1000 год пасля заняпаду шумера-акадскіх дзяржаў.

>>>>
<<<<

Акадская мова запазычыла клінапіс з шумерскай, якая мела зусім іншую граматычную структуру. Прынамсі, там не было семіцкіх каранёў, а словы змяняліся праз прыстаўкі і суфіксы. Шумерскія клінапісныя значкі звычайна перадаюць цэлыя склады, што дастаткова зручна для шумерскай мовы, але не вельмі выдатна пасуе акадскай. Падчас акадскага словазмянення змяняюцца дадатковыя гукі ў корані, атрымліваюцца новыя склады, якія трэба запісваць іншымі значкамі. У выніку аднакарэнныя словы пішуцца зусім па-рознаму.

У дадатак значкі акадскага клінапісу мелі некалькі магчымых чытанняў. А напісанне некаторых слоў у акадскай мове было цалкам запазычанае з шумерскай: напрыклад, «гліняная таблічка» /tuppum/ магла запісвацца як 𒁾, проста таму што гэтае слова так сама запісвалася ў шумерскай мове.

Такія асаблівасці акадскай пісьменнасці прывялі да двух наступстваў.

Па-першае, некаторы час здавалася, што правілы чытання акадскага клінапісу занадта вольныя, нібыта можна чытаць як хочаш. Так сучасныя прыхільнікі альтэрнатыўнай лінгвістыкі лёгка выводзяць паходжанне любого слова з рускай мовы — і кожны энтузіяст па-свойму, бо нястрогія «прынцыпы» аматарскай этымалогіі дазваляюць абгрунтаваць любую, нават самую экзатычную думку. Ці можна казаць, што правілы акадскага чытання маюць сэнс, што гэта не фантазія? 18 сакавіка 1857 года адпаведны эксперымент прапанаваў Фокс Таблот. Увогуле Таблот быў фізікам і хімікам, адным з першапраходцаў у фатаграфіі, але клінапісам таксама цікавіўся. Ён напісаў ліст у Брытанскае Каралеўскае Азіяцкае таварыства, дзе паведаміў, што пераклаў надпіс асірыйскага цара Тыглатпаласара. Талбот адзначыў, што Генры Роўлінсан таксама займаўся дэшыфроўкай гэтага надпісу і мусіць хутка апублікаваць вынік сваёй працы. Талбот прапанаваў таварыству дачакацца публікацыі Роўлінсана, а потым параўнаць яго пераклад з варыянтам Талбота. Савет таварыства падтрымаў гэтую ідэю, а таксама заклікаў зрабіць уласныя пераклады Эдварду Хінксу і Жулю Оперту, яшчэ аднаму даследчыку Месапатаміі. У выніку пераклады ўсіх аўтараў мелі вельмі шмат падабенстваў, што развеяла сумневы наконт карэктнасці акадскай дэшыфроўкі.

Па-другое, Эдвард Хінкс прыйшоў да высновы, што акадцы не маглі прыдумаць складовую пісьменнасць для сваёй семіцкай мовы, а значыць, акадскі клінапіс мусіць паходзіць з нейкай іншай, на той момант невядомай мовы...
#alala_alala
Можа быць, вам не бачныя сімвалы з папярэдняй байкі, таму вось яшчэ карцінкай. Іўрыт і фінікійская запісаны справа налева, акадская — злева направа.

Значок для «глінянай таблічкі» быў намаляваны вось там.
#alala_каляндар
Імаверна, слова «фатаграфія» упершыню з'явілася ў друку роўна 186 год таму. Калі дакладна, то нямецкае «Photographie»: так астраном Іаган Генрых Медлер назваў свой артыкул, апублікаваны ў газеце «Vossische Zeitung» 25 лютага 1839 года.

Варта адзначыць, што асобна ад Медлера слова «фатаграфія» прыдумаў вучоны-палімат сэр Джон Гершэль. 14 сакавіка 1839 года ён прачытаў перад Лонданскім каралеўскім таварыствам даклад «Note on the Art of Photography, or the application of the Chemical rays of Light to the purposes of Pictorial Representation». Вядома, што яшчэ раней Гершэль падпісаў адзін са сваіх фотаздымкаў «J. F. W. H. Photogr Feb. 10 1839». Але гэта ўсё рукапісныя нататкі, а тэкст дакладу ён вырашыў не публікаваць.

Цікава, што Гершэль актыўна перапісваўся з іншым піянерам фатаграфіі, Фоксам Талботам — які быў героям мінулай байцы пра дэшыфроўку акадскай мовы. Талбот, між чынам, свае здымкі называў «photogenic drawings», але гэтая назва не прыжылася.

На карцінцы фрагмент «Vossische Zeitung» ад 25 лютага 1839 года. Адразу пад табліцай з надвор'ем можна пабачыць загаловак «Photographie».

Крыніца (старонка 9).
#alala_байка
У тэкстах пра месапатамскі клінапіс часам з'яўляюцца словы «лагаграма», «фанаграма», «шумераграма» і ўсялякія такія. Можа быць, варта распавесці пра гэтыя тэрміны больш падрабязна — а для гэта нам спатрэбіцца цэлы альтэрнатыўны сусвет.

***

Беларускай арфаграфіі вядомы значкі, якія можна параўнаць з лагаграмамі. Гэта лічбы: 1, 2, 3, 4... Сапраўды, у асноўным беларуская мова запісваецца алфавітам, дзе кожны значок перадае адзін канкрэтны гук. Але для такіх ідэй, як «адзін», «два», «тры», існуюць асобныя значкі, якія цалкам паказваюць паняцце, але ніяк не выражаюць вымаўленне адпаведных слоў і літарамі дакладна не з'яўляюцца.

Мы можам запісаць «восем» літарамі, а можам — лагаграмай «8».

***

Уявім цяпер, што мы маем справу з альтэрнатыўнай беларускай арфаграфіяй. Яна амаль такая ж, як сапраўдны беларускі правапіс, але з адным толькі адрозненнем: з той нагоды, што «2» чытаецца як «два», а 3 чытаецца як «тры» і гэтак далей, мы можам замяняць адпаведныя паслядоўнасці гукаў лічбамі. Зусім як у рэбусах: «па3ёты с5 у па2ле» замест «патрыёты спяць у падвале».

Тады ў словазлучэнні «3 сяс3» першая тройка — гэта лагаграма, бо яна цалкам перадае паняцце: чысло тры. Другая тройка — гэта фанаграма, яна перадае толькі гучанне часткі слова, але з сапраўдным лікавым значэннем ніяк не звязана.

Дарэчы, у новай арфаграфіі мы можам пісаць не толькі «восем» і «8», але таксама і выкарыстаць фанаграму: «во7»!

***

Працягнем будаваць фантастычны свет. Няхай да пісьменных беларусаў прыйшло непісьменнае племя... немцаў. Так вось атрымалася, што беларусы навучыліся пісаць, а немцы балакалі па-нямецку, але нічога не запісвалі. Паміж беларусамі і немцамі ўсталяваліся гандлёвыя адносіны, купцы плаваюць адзін да аднаго па рацэ Пры5. Праз некаторы час немцы зразумелі, як добра ўмець захоўваць тэкст, таму запазычылі беларускую арфаграфію і адаптавалі яе пад свае «ду, ду хаст, ду хаст міхь».

Літары адаптаваліся вельмі файна, але што немцы мусяць рабіць з фанаграмамі і лагаграмамі? Ёсць два шляхі.

* Можна запазычыць фанаграмы. Тады значок «5» будзе адпавядаць паслядоўнасці «пяць». Пры5, напрыклад, застанецца «Пры5» і ў нямецкай мове, і гэта зручна, бо гэтая важная рака часта згадваецца ў перапісцы. З другога боку, значкі-лічбы згубяць свой чыславы сэнс, бо па-нямецку лік вядзецца вось так: «айн», «цвай», «драй», «фір», «фунф», і гэта зусім не падобна на паслядоўнасці гукаў «адзін», «два», «тры», «чатыры», «пяць».
* Можна запазычыць лагаграмы. Значок «5» будзе перадаваць ідэю чысла пяць і чытацца прыкладна як «фунф». Тады лічбы можна будзе выкарыстоўваць у якасці фанаграм «айн», «цвай», «драй»... Але, канешне, раку «Пры5» па-нямецку так ужо не напішаш, бо гэта будзе рака «Прыфунф».

Альтэрнатыўная гісторыя паказала, што немцы абралі другі варыянт. Яны захавалі значкам 1, 2, 3, 4 іх лікавы сэнс, але памянялі вымаўленне.

***

Месапатамскім аналагам нашых прыдуманых беларусаў былі шумеры, у якіх быў клінапіс з лагаграмамі і фанаграмамі. На прыкладзе клінапіснага значка 𒀀: як лагаграма ён меў сэнс «вада», вымаўляўся /a/, але таксама выкарыстоўваўся ў якасці склада /a/, напрыклад у месным склоне — 𒀀𒀀, «у вадзе».

Месапатамскія немцы — гэта акадцы. Яны прыйшлі ў землі шумераў і запазычылі іх клінапіс. У тым ліку, яны перанялі значок 𒀀 для абазначэння вады. Але па-акадску вада чытаецца зусім інакш, /mu:/. Значок захаваў выгляд і сэнс, але змяніў вымаўленне. Дарэчы, у нашых фантастычных немцаў была магчымасць напісаць «пяць» і лагаграмай «5», і алфавітам «фунф». Так сама сапраўдныя акадцы маглі напісаць «вада» і запазычанай лагаграмай 𒀀, і праз клінапісныя склады 𒈬𒌑, то-бок mu-u.

Калі ў акадскай мове сустракаецца лагаграма, запазычаная з шумерскай, яе называюць шумераграмай.

У навуцы нашага выштукаванага свету значкі-лічбы ў нямецкай пісьменнасці, імаверна, маглі б атрымаць назву «беларусаграмы»...
#alala_каляндар
1 сакавіка 1806 года па старому стылю ў Тарту выйшаў першы нумар першай газеты на эстонскай мове. Выданне называлася «Tarto maa rahwa Näddali-Leht». Усяго ў 1806 годзе выдаўцы падрыхтавалі каля 40 нумароў, але ў снежні газета была забаронена ўладамі Расійская імперыі, а выдадзеныя экзэмпляры знішчаны.

Доўгі час змест газеты ўвогуле не быў вядомы гісторыкам. Толькі ў 1967 была знойдзена справаздача, у якой цэнзары аналізавалі тэксты «Tarto maa rahwa Näddali-Leht». Гэта дазволіла даследчыкам зразумець, пра што пісала першая эстонская газета. А ў 2009 годзе ў архівах атрымалася знайсці некалькі цудам ацалелых нумароў.

Варта адзначыць, што «Tarto maa rahwa Näddali-Leht» — не першае перыядычнае выданне на эстонскай мове. У другой палове XVIII стагоддзя існаваў часопіс «Lühhike öppetus», але ён звычайна не класіфікуецца як газета, бо не змяшчаў аніякіх навін, а даваў у асноўным медыцынскія парады.
#alala_alala
Латышскі мульцік «Flow» атрымаў «Оскар» як лепшы анімацыйны фільм, і з гэтай нагоды Інстытут латышскай мовы сабраў спіс сінонімаў да слова «кот». Некаторыя даволі файныя, напрыклад:
* zivgribītis — аматар рыбы;
* krāsnkungs — пячны пан;
* muriķis — мурчацель;
* peļu junkurs — мышыны памешчык.

(Філалош спадзяецца, што ён правільна ўсё пераклаў).

Крыніца.
#alala_факт
Калісьці была байка пра тое, што прыкметнай рысай польскай мовы з'яўляюцца вялікія спалучэнні шыпячых зычных. Пра гэта жартуюць нават самі палякі — напрыклад, у знакамітай сцэнцы пра Grzegorza Brzęczyszczykiewicza.

Цікава, што падобным чынам на захадзе часам успрымаюць і іншыя славянскія мовы. Напрыклад, не пазней за 1904 год малавядомы амерыканскі паэт Уільям Джэймс Лэмптан напісаў вершык пра рускага салдата, які ляжыць паранены на полі бітвы і просіць перадаць апошнюю вестачку ў родныя мясціны. Камічны эфект у вершы дасягаецца праз тапонімы, якія абраў Лэмптан — з бясконцымі зычнымі.

A Soldier of the Legion


A soldier of the Russians
Lay japanned at Tschrtzvkjskivitch,
There was lack of women’s nursing
And other comforts which
Might add to his last moments
And smooth his final way; —
But a comrade stood beside him
To hear what he might say.
The japanned Russian faltered
As he took that comrade’s hand,
And he said: “I never more shall see
My own my native land;
Take a message and a token
To some distant friends of mine,
For I was born at Smnlxzrskgqrxzski,
Fair Smnlxzrskgqrxzski on the Irkztrvzkimnov.”
#alala_alala
(Мы без канца смяемся з Grzegorza Brzęczyszczykiewicza, і, зразумела, нездарма. І ўсё ж я хачу спытаць — хто праглядзеў мільён разоў кліп пра Шчучыншчыну?)
#alala_факт
У немцаў была свая Шчучыншчына — вёсачка Tzschetzschnow. Потым яе перайменавалі ў Güldendorf, а зараз гэта частка Франкфурта-на-Одэры.

Пентаграф tzsch выкарыстоўваўся ў нямецкай мове для запісу гука /tʃ/. Зараз яго звычайна пішуць усяго толькі чатырма літарамі — tsch, але ва ўласных імёнах захоўваюць старое напісанне. Напрыклад, «Nietzsche».

Крыніца малюнка.
#alala_байка
Праца Мікалая Паўленкі Мікалай «Жаночыя асабовыя намінацыі ў старабеларускай мове» падрабязна разглядае, як у старабеларускіх тэкстах XVI—XVIII стагоддзя ўтвараліся словы, якія б зараз называліся фемінітывамі.

Жаночыя асабовыя назвы прадстаўлены ў старабеларускіх запісах не надта шырока — такія былі часы, што пра жанчын увогуле пісалі нячаста. Тыя ж формы, што трапілі ў тэксты, часам маюць арфаграфічную і марфалагічную варыятыўнасць, што абумоўлена адсутнасцю зафіксаваных лінгвістычных нормаў, узаемадзеяннем старажытнабеларускай мовы з іншымі мовамі і гаворкамі, а таксама багатай сістэмай словаўтварэння, якая дазваляла па-рознаму будаваць словы з адным і тым жа сэнсам.

Паўленка адзначыў целы шэраг суфіксаў, якія выкарыстоўваліся для ўтварэння фемінітываў, але найбольш прадуктыўнымі назваў тры: -к-а, -іц-а і -ніц-а. Дарэчы, Філалош тут і далей будзе імкнуцца адаптаваць словы пад сучасную арфаграфію, але варта разумець, што старабеларуская мова запісвалася інакш і, прынамсі, мела літару -и-.

Разглядзім, якім чынам назвы жанчын утвараліся ў тыя часы ад назваў мужчын. Ніжэй пералічана, якія фемінныя суфіксы маглі быць дапасаваныя да асабовых назоўнікаў мужчынскага роду, у залежнасці ад іх уласнай структуры, каб утварыць адпаведны назоўнік жаночага роду.

-ак/-як:
* -іна/-ына/-іня/-ыня (сваяк — сваячына)

-ар:
* -іна/-ына/-іня/-ыня (гаспадар — гаспадарыня, гасудар — гасударыня)
* -іха/-ыха (ганчар — ганчарыха, пачтар — пачтарыха)
* -ка (аптэкар — аптэкарка, звяздар — звяздарка, крачмар — карчмарка, повар — поварка)

-атай/-отай:
* -ка (хадатай — хадатайка)

-ач:
* -ка (адзінач — адзіначка, прач — прачка)

-дзей
* -іца (чарадзей — чарадзеіца)
* -ніца (злодзей — зладзейніца)

-ень
* -ка з усячэннем асновы (перакупень — перакупка)

-ец/-эц:
* -іца з усячэннем асновы (владзелец — владзеліца, старэц — старыца)
* -ка з усячэннем асновы (літовец — літоўка, паганец — паганка, пастаялец — пастаялка)

-і/-ы:
* -анка/-янка (леснічы — леснічанка, харужы — харужанка)
* -ая (вратны — вратная, падданы — падданая, харужы — харужая)
* -іна/-ына/-іня/-ыня (дзяржаўчы — дзяржаўчыня)
* -ка (падданы — падданка)

-ік/-нік:
* -іха/-ыха (радчык — радчыха)
* -іца з усячэннем асновы (работнік — работніца, памочнік — памочніца, чараўнік — чараўніца)
* -ка (дворнік — дворнічка, пасрэднік — пасрэднічка, равеснік — равеснічка)

-ін:
* -аса з усячэннем асновы (рабін — рабаса [адзіночны прыклад])
* -іна/-ына/-іня/-ыня з усячэннем асновы (балгарын — балгарыня, баярын — баярыня, гаспадзін — гаспадыня)
* -ка з усячэннем асновы (баярын — баярка, мяшчанін — мяшчанка, хрэсціянін — хрэсціянка)

-іт:
* -ка (варажбіт — варажбітка, найміт — наймітка)

-іч/-ыч:
* -анка/-янка (шляхціч — шляхцянка)
* -ка (княжыч — княжычка, отчыч [наследнік маёмасці свайго бацькі] — отчычка)
* -на з усячэннем асновы (братаніч [сын старэйшага брата] — братанна, княжыч — княжна, царэвіч — царэўна)

-jа
* -анка/-янка (судзья — судзьянка)

-тух:
* -ка (пастух — пастушка)
* -ніца (пастух — пастушніца)

-ун:
* -ка (апекун — апекунка)
* -jа (рыкун [рэканструяваная форма] — рыкунья)

-цель:
* -ка (пацешыцель — пацешыцелка, прыяцель — прыяцелька, сказіцель — сказіцелка)
* -ніца (пітацель — пітацельніца, учыцель — учыцельніца)

невытворныя асновы:
* -а (манах — манаха, раб — раба, супруг — супруга)
* -анка/-янка (ваевода — ваевадзянка, стараста — старасцянка)
* -ева/-ова (кароль — каралева)
* -енка (пан — паненка)
* -ена (пан — панена [адзіночны прыклад])
* -інка (стараста — старасцінка)
* -іна/-ына/-іня/-ыня (враг — врагіня, грэк — грэкыня, чэх — чэхыня)
* -іса (абат — абаціса, д'якан — д'яканіса)
* -іха/-ыха (папеж — папежыха)
* -іца/-ыца (кароль — караліца, патрыярх — патрыяршыца, цар — царыца)
* -jа (ігумен — ігуменья, поп — пападзья [з дадатковым суфіксам -ад-])
* -ка (актор [уладар маёнтка] — акторка, салдат — салдатка, султан — султанка, таварыш — таварышка)
* -ніца (скамарох — скамарошніца)
* -овіца (отрак — атраковіца)
* -ша (канцлер — канцлерша)
#alala_факт
Яшчэ адзін важны факт пра коцікаў: па-чукоцку «кошка» будзе «мыльыттъын», што літаральна перакладаецца як «спрытны сабака». Бо сабаку чукчы добра ведалі, а кот — ну, гэта нешта падобнае.
#alala_байка
У XIX стагоддзі даследчыкі прыйшлі да высновы, што носьбіты акадскай мовы наўрад ці маглі самі стварыць акадскі клінапіс. Калі б гэта было так, яны, верагодна, выпрацавалі б больш зручную сістэму, чым складовае пісьмо, якое дрэнна адпавядала семіцкай мове. Такім чынам, узнікла неабходнасць шукаць папярэднюю мову — мову вынаходцаў клінапісу.

Генры Роўлінсан выявіў у гарадах Ларса, Ніпур і Урук надпісы, якія не паддаваліся семіцкаму прачытанню. Эдвард Хінкс, герой мінулай байкі, вызначыў некаторыя граматычныя асаблівасці гэтых тэкстаў, што дазволіла яму зрабіць першыя высновы пра марфалогію шумерскай мовы. Саму назву «шумерская мова» прапанаваў Жуль Оперт, яшчэ адзін герой мінулай байкі: ён звярнуў увагу, што ў некаторых надпісах сустракаецца тытул «цар Шумера і Акада» і выказаў здагадку, што Акад быў семіцкай часткай царства, а Шумер — несеміцкай. Самі шумеры, дарэчы, сябе ніколі шумерамі не звалі.

Гэтыя адкрыцці не адразу былі прызнаны бясспрэчнымі. Некаторыя даследчыкі меркавалі, што новыя, несеміцкія тэксты — гэта акадскія надпісы, зашыфраваныя вавілонскімі святарамі з дапамогай спецыяльнай крыптаграфічнай сістэмы. Аднак па меры таго, як археолагі знаходзілі ўсё больш шумерскіх тэкстаў, гэтая гіпотэза страціла сваю пераканаўчасць і была канчаткова абвергнута.

Дэшыфроўка шумерскай мовы стала сапраўдным выклікам. Пры расшыфроўцы старажытнаперсідскай мовы даследчыкі маглі абапірацца на роднасныя ёй персідскую і санскрыт. У выпадку акадскай дапамагалі іншыя семіцкія мовы — іўрыт, арамейская, арабская, фінікійская. Аднак шумерская застаецца мовай-ізалятам, без вядомых сваякоў. Дык як жа яе вывучаць?

Дапамаглі… слоўнікі. У старажытнай Месапатаміі пісцы стваралі таблічкі з шумера-акадскімі спісамі прадметаў — своеасаблівыя дзвюхмоўныя энцыклапедыі. Найбольш вядомая з іх — 𒄯𒊏 𒄷𒇧𒈝, Urra=hubullu. Гэтая энцыклапедыя пачынаецца з пераліку юрыдычных тэрмінаў, прычым першым у спісе стаіць «працэнтная пазыка» — urra па-шумерску і hubullu па-акадску, адсюль і яе ўмоўная назва. Усяго да Urra=hubullu адносяць 24 таблічкі, якія змяшчаюць каля 9700 запісаў пра навакольны свет старажытнай Месапатаміі: назвы жывёл, раслін, матэрыялаў, камянёў, марской і сухапутнай тэхнікі, частак цела, ежы... Тэкст выкарыстоўваўся ў навучанні пісьму, таму археолагі знаходзяць мноства невялікіх школьных таблічак з яго фрагментамі.

Шмат пытанняў, звязаных з шумерскай мовай, дагэтуль застаюцца без адказу. Нярэдка жартуюць, што ў кожнага шумеролага — свая шумерская мова, бо спрэчных момантаў вельмі шмат, і кожны даследчык мае ўласнае меркаванне наконт іх. То-бок, мы не можам дакладна ведаць, як гучала жывое маўленне старажытных шумераў. Але, прынамсі, існуючыя рэканструкцыі выглядаюць больш надзейнымі, чым цалкам гіпатэтычныя мадэлі праіндаеўрапейскай мовы, бо прынамсі абапіраюцца на сапраўдныя тэксты тых часоў.

Дарэчы, станаўленне шумерскай мовы адбывалася прыкладна 5000 гадоў таму — у той час, калі праіндаеўрапейская яшчэ не распалася на асобныя дыялекты!
#alala_alala
Фрагмент шумера-акадскага слоўніка Urra=hubullu, прысвечаны розным сасудам. Гэты экземпляр быў створаны каля 2500 гадоў таму, але з'яўляецца копіяй яшчэ больш старажытнага тэксту энцыклапедыі.

Крыніца малюнка.
Forwarded from Wir.by
Якія беларускія словы ўзялі суседзі? 🤫

Мы часта чуем пра русізмы і паланізмы, але што, калі некаторыя «свае» словы беларуская мова аддала сама?

🇵🇱 Чаму палякі кажуць żubr і dziady?
🇱🇹 Як у літоўскай з’явіліся šalikas і krivda?
🇮🇱 Адкуль у ідышы juške і večere?
🇷🇺 Якім чынам капец і халява трапілі ў рускую мову?

Беларуская мова не толькі брала, але і шчодра дзялілася. Хочаце ведаць, якія яшчэ словы “мігравалі” да суседзяў? Чытайце поўны артыкул па спасылцы!
#alala_спасылка
Ужо шмат было баек пра мовы Месапатаміі — варта нарэшце пачуць іх гучанне.

https://www.soas.ac.uk/baplar/recordings

Тут можна паслухаць, як вучоныя чытаюць старажытныя акадскія тэксты. Вядома, гэта сучасная рэканструкцыя, і яна можа не ўлічваць нейкія яшчэ невядомыя асаблівасці акадскага вымаўлення. Аднак гэта дае магчымасць хаця б прыблізна пачуць, як магла гучаць мова Шумера і Акада некалькі тысячагоддзяў таму.
2025/03/23 14:22:57
Back to Top
HTML Embed Code: