tgoop.com/peter_kuznetsoff/891
Last Update:
Калі раптам каму цікава, як ідуць справы на рэстаўрацыі Нараўлянскага палацу Горваттаў, распавядаю.
Пасьля атрыманьня ўсіх дазволаў, будаўнічыя працы мы пачалі. Проста зараз ідуць наступныя працэсы:
1) Вывозіцца будаўнічае смецце, якое замінае доступу тэхнікі да аб'екту і якога там - вялікія горы (хто бачыў, разумее);
2) Замоўленыя і чакаюцца недастаючыя піламатэрыялы для перакрыцьцяў і даху;
3) Ідзе працэс замоўленьня металу для даху
4) Амаль скончаны (мяркую, сеньня будзе скончаны) працэс зносу (дэмантажу) калонаў, якія былі прыбудаваны за савецкім часам. Тут крыху патлумачу. Гістарычна на 2-м паверсе Палацу была бальная зала, але пры Саветах яе, натуральна, ўпразнілі і сярод яе пабудавалі 4 калоны - якая ж тут ўжо потым магла быць бальная заля.
Зараз па праекце, дзеля аднаўленьня гістарычнасьці памяшканьня, яшчэ перад будоўляй даху, мы мусім дэмантаваць гэтыя калены і пабудаваць з балак перакрыцьці. Чым непасрэдна і займаемся.
Сеньня, па хадзе таго, што адбываецца, магу сказаць, што сам працэс накрыцьця Палацу - гэта будзе завяршальная стадыя бягучага будаўнічага сезону, і гэта будзе, натуральна, найбольш заўважная, але далека не самая складаная і цяжкая праца.
Я нядаўна дабудаваў нарэшце ўласны дом і нават з гэтага досьведу магу сказаць, што калі ідзе будоўля, калі робіцца ўсе самае галоўнае і цяжкае, вынікі і прагрэс візуальна бачны меньш за ўсе.
Але ўжо потым, калі зробленыя ўсе асноўныя падрыхтоўчыя працы, назіраць за зьменамі становіцца ну надта цікава.
Таму не забываем: праект не закінуты і на яго не "забілі". Працэсы йдуць і будуць ісьці. Прынамсі, пакуль я магу гэтым займацца.
Ў сваю чаргу, ўсіх неабыякавых прашу аб дапамозе ў некалькіх рэчах.
1) Распаўсюджваць інфармацыю. І аб тым, што я зараз пішу, і аб тым, якая нам патрэбна дапамога.
2) Калі летам будзе вольны час і жаданьне дапамагчы "рукамі" на месцы - вітаем такія парывы. Хутка, думаю, ў нас зьявяцца людзі, якія будуць гэты кірунак каардынаваць і тады будзе апублікаваная інфармацыя больш канкрэтная. Ведайце, што аплата нават самага некваліфікаванага падсобнага рабочага - гэта грошы, якія маглі б пайсьці на Палац, і Ваш удзел - вялікая дапамога.
3) Вельмі вітаецца і нават чакаецца грашовая дапамога. Апошнія зборы ахвярваньняў былі ўжо гады таму, а дзейнасьць, як бачыце, не спыняецца і плаўна перайшла ў актыўную фазу. Толькі ў гэтым годзе трэба пабудаваць ці дабудаваць перакрыцьці, парапеты па ўсім перыметры, страпільную сыстэму і сам дах. Гэта ўсе - матэрыялы, працоўная сіла, аплата тэхнікі і шмат чаго яшчэ. Давайце памятаць, што гэта ўсе - нашая агульная справа, а станоўчы вынік, калі мы яго дасягнем, ўрэшце падразумявае публічную прастору, а не прыватнае домаўладзеньне.
Зрабіць ахвярваньне можна праз ЕРЫП.
Там ў пераліку паслуг трэба перайсьці ў раздзел "Сервис E-POS/ E-POS - оплата товаров и услуг".
Там ў полі "Номер лицевого счета" ўвесьці: 19156-1-1 і націснуць "Працягнуць".
Па ўмаўчаньні там забіта лічба "50 рублеў", калі калі нехта хоча пералічыць больш, ці меньш, то суму можна выпраўляць. Аплаціць можна праз любы банкінг, альбо нават праз тэрмінал на любой пошце.
ЗЫ Фоты робяць будаўнікі, таму, натуральна і выбачальна, што яны, так скажам, ня вельмі прафесійныя і інфармацыйныя. Але што маем - зараз фоты не ў прыярытэтах.
Дзякуй за ўвагу.
BY Канал Петра Кузнецова. Такие дела
Share with your friend now:
tgoop.com/peter_kuznetsoff/891