tgoop.com/pismennik/688
Last Update:
Чалавек змалку павінен любіць Радзіму і ў сэрцы сваім праносіць вобразы яе праз усё жыццё сваё, павінен змалку чуць і казаць пяшчотныя словы пра яе. Нам Бацькаўшчына – Беларусь. А з чаго яна пачынаецца? Для кожнага чалавека Радзіма пачынаецца індывідуальна – з таго запаветнага кутка, той мясціны, дзе ён убачыў свет, дзе сказаў першае слова, ступіў першы крок. "Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка", "Бацькаўшчыны не купляюць і не прадаюць", "Ідзі ў родны край, там – і пад елкаю рай", "Кожнаму дразду жаль па свайму гнязду". Гэта – беларускія народныя прыказкі. У іх, праўдзівых і помных, – багатая мудрасць, вялікая духоўная энергія.
Родны кут, родная старонка, родная зямля... Якія святыя паняцці! Як бацька, і маці. Чалавеку заўсёды было ўласціва пачуццё роднасці з той зямлёю, на якой ён нарадзіўся і якая яго ўскарміла, узгадавала. Пра гэта ж казаў і славуты Францішак Скарына, разважаючы спярша пра тое, што і звяры знаюць ямы свае, птушкі ведаюць гнёзды свае, рыбы чуюць віры свае, пчолы і ім падобныя бароняць вуллі свае...
Пра нашу Бацькаўшчыну можна гаварыць доўга, ды важна сказаць галоўнае: з часоў старажытных яе паважалі ў свеце; на працягу многіх стагоддзяў тут паўнакроўна пульсавала жыццё, развіваліся рамёствы, багацелі гаспадарка і культура; цягам стагоддзяў старажытная беларуская мова мела статус дзяржаўнай (на ёй друкаваўся "Статут Вялікага княства Літоўскага"), захоўваліся, шанаваліся добрыя традыцыі...
Васіль Жуковіч
BY Паляўнічы на вершы
Share with your friend now:
tgoop.com/pismennik/688