tgoop.com/stryzhak/2793
Last Update:
«Улада, пабудаваная на гвалце і страху, не можа мець права на існаванне»
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская заклікае беларусаў звяртацца па дапамогу ў сувязі з аднаўленнем у Беларусі шырокамаштабных рэпрэсій:
«У апошнія тыдні мы назіраем жорсткую і ўсёахопную хвалю рэпрэсій у Беларусі. Сёння сітуацыя ва ўсіх аспектах разглядалася на пасяджэнні Кабінета. Колькасць ператрусаў, затрыманняў і фізічнага гвалту дазваляе сцвярджаць, што рэжым Лукашэнкі не проста актывізаваў рэпрэсіўны апарат для запалохвання. Ён фактычна аднавіў шырокамаштабныя рэпрэсіі супраць народа.
Сотні людзей затрыманы. Гэты тэрор – не выпадковая з’ява, а свядомая палітыка рэжыму, які імкнецца заглушыць кожны голас нязгоды напярэдадні «бязвыбараў» 2025 года.
Я заклікаю ўсіх, хто стаў ахвярай рэпрэсій ці адчувае страх за сябе і сваіх блізкіх, звяртацца ў Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Мы працуем дзеля вас. Мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы кожнаму, хто зведаў пераслед. Вы не адны.
Зараз Лукашэнка трымаецца на гвалце і хлусні, кіруючыся сваім страхам страціць уладу. Зноў узнікае адвечнае пытанне: калі ён сапраўды ўпэўнены ў падтрымцы беларусаў, калі ён «гарант міру і стабільнасці», то навошта ж яму чарговая хваля тэрору, новыя злачынствы, якія ён учыняе? Адказ відавочны: ён баіцца.
Мы ўжо фіксуем выпадкі, пра якія проста нельга прамаўчаць. Службы эвакуацыі перагружаныя, бо колькасць людзей, што шукаюць выратавання, штодня ўзрастае. Некалькі чалавек удалося вывезці, але іх фізічны і псіхалагічны стан жахлівы. Мы зноў сутыкнуліся з сітуацыяй жніўня 2020 года, калі сілавікі ўжывалі гвалт у дачыненні да затрыманых, і метады засталіся ранейшымі.
Памагатыя рэжыму будуць прыцягнутыя да адказнасці. «Бязвыбары» ніколі не будуць прызнаныя цывілізаваным светам, бо ўлада, пабудаваная на гвалце і страху, не можа мець права на існаванне. І мы працягнем змагацца за права беларусаў на свабоду, годнасць і мір. Трымаемся, не здаёмся. Жыве Беларусь!»
@CabinetBelarus
BY STRYZHAK
Share with your friend now:
tgoop.com/stryzhak/2793