Telegram Web
У Мінску адбудзецца другі суд па справе «Кадравага рэзерву для новай Беларусі»

Мінскі гарадскі суд 5 снежня распачне разглядаць справу Аляксандра Куксы. Яго затрымалі ў лютым гэтага года пачдас рэйду па справе «Кадравага рэзерву для новай Беларусі». 26 лютага з ім апублікавалі «пакаяльнае відэа».

Цяпер яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справу будзе разглядаць Жанна Брысіна.

Нагадаем, 14 лютага Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць прадстаўнікоў і ўдзельнікаў ініцыятывы «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі», абвешчанай Аб'яднаным пераходным Кабінетам.

У жніўні па гэтай справе асудзілі супрацоўніка райвыканкаму Аляксеея Кісялёва.
❗️У Беларусі +13 новых палітвязняў

Гэта Станіслаў Таспаеў, Уладзімір Парашкоў, Генадзь Горбач, Іна Пальцава, Сяргей Крывуць, Андрэй Астапенка, Андрэй Савіцкі, Артур Канапацкі, Артур Малчан, Аляксандр Акакіеў, Яўген Катляроў, Дзмітрый Суўханаў, Дзмітрый Альховік.

Хто гэтыя людзі і чаму праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі 👉 spring96.org/be/news/116728

Спіс усіх палітвязняў Беларусі 👉 prisoners.spring96.org
«Экстрэмісцкім» прызнаны Telegram-канал «Мозырь обстановка помощь на дорогах»

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Мазырскага раёну 16 лістапада. На гэтым канале публікуюцца звесткі аб сітуацыі на дарогах Мазыра, а таксама аб пастах ДАІ. У мінулым сакавіку ў суполцы віншавалі падпісантаў з Днём міліцыі.

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі Telegram-канал «Deutsches Freiwilligen Korps/Нiмецький добровольчий корпус», Instagram-старонку «eyge.go», старонкі ў Facebook i Instagram «Alex Pazniak», а таксама TikTok-старонкі «Усё пра Гродна», «reformbynews», «Myazha_info».
🎧Выйшла аўдыёкніга «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме»

У кнізе прыведзены сабраныя падчас практыкі ўспаміны дзяцей аб рэпрэсіях, якія закранулі іх сям’ю, а таксама сны, мары і казкі, якія яны напісалі, каб перажыць траўму. Як кажа сама аўтарка Вольга Вялічка, мэтай было «паказаць свет, якім яго бачаць дзеці, прычым дзеці, якія вельмі рана мусілі зразумець, што гэты свет несправядлівы».

Іх досвед параўноўваецца з гісторыямі жанчын і дзяцей, рэпрэсаваных ў савецкі час: у асобным раздзеле змешчаны ўспаміны сведкаў пра жаночы лагер АЛЖЫР. Таксама прыведзены рэкамендацыі аўтаркі, як і з якой мэтай выбудоўваць камунікацыю з дзецьмі на палітычныя тэмы.

Агучыла кнігу Крысціна Дробыш.

🔹Пачытаць падрабязнасці і даведацца, дзе бясплатна паслухаць кнігу, можна па спасылцы
В'етнам выдаў Беларусі «каліноўца» Васіля Верамейчыка, затрыманага ў гэтай азіяцкай краіне

Пра гэта паведамляе @nashaniva са спасылкай на прапагандыстаў.

Паведамляецца, што мужчына апынуўся ў Азіі, бо Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы і забараніла ўезд у Еўрасаюз.
З'явіўся спіс афіцэраў, якіх Лукашэнка пазбавіў званняў за падтрымку народу ў 2020 годзе

Адпаведны ўказ быў падпісаны ў панядзелак.

• Ёдка Алег Іванавіч, падпалкоўнік юстыцыі запасу;
• Рэкець Андрэй Юр'евіч, маёр запасу;
• Станкевіч Антон Станіслававіч, маёр запасу;
• Уласавец Іна Сяргееўна, маёр запасу;
• Яроменка Раман Віктаравіч, капітан запасу;
• Кавалераў Павел Леанідавіч, капітан запасу;
• Матусевіч Юлія Уладзіміраўна, капітан запасу;
• Мацкевіч Яўген Мікалаевіч, капітан запасу;
• Чарнаброўкін Дзмітрый Канстанцінавіч, капітан запасу;
• Асадулаеў Руслан Магамедхабібавіч, старшы лейтэнант запасу;
• Захараў Ягор Міхайлавіч, старшы лейтэнант запасу;
• Дашчынскі Аляксандр Тадэвушавіч, старшы прапаршчык запасу;
• Страшкевіч Іван Пятровіч, прапаршчык запасу;
• Барадзін Сяргей Аляксандравіч, старшына запасу;
• Сандалюк Сяргей Васільевіч, палкоўнік унутранай службы запасу;
• Майсейчык Генадзь Мікалаевіч, падпалкоўнік міліцыі запасу;
• Залеўскі Міхаіл Леанідавіч, маёр міліцыі запасу;
• Марцінкевіч Уладзімір Мікалаевіч, маёр міліцыі запасу;
• Ільін Аляксандр Аляксандравіч, старшы лейтэнант міліцыі запасу;
• Зінін Павел Валер'евіч, капітан юстыцыі запасу;
• Шыбут Антон Паўлавіч, старшы лейтэнант юстыцыі запасу.
Прапагандысты распавялі пра яшчэ аднаго «каліноўца», які знаходзіцца за кратамі ў Беларусі

Гэта Максім Ралько, які да нядаўняга часу пражываў у Польшчы.

Калі і як ён трапіў у Беларусь — невядома.
🤡Прапагандысты сцвярджаюць, што за кандыдата Лукашэнку сабралі ўжо 1,5 мільёна подпісаў

Збор подпісаў будзе працягвацца яшчэ 2 тыдні — да 6 снежня.
«Каліноўца» Верамейчыка даставілі ў Беларусь увечары 14 лістапада пад канвоем з 3-х чалавек

Паводле інфармацыі motolko.help, затрыманага ў В’етнаме экс-байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка, даставілі ў Беларусь на рэйсе а/к Белавія (B2978) з Масквы ўвечары 14 лістапада. Гэты самалёт прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» у 23:48. У Беларусь Верамейчыка даставілі пад канвоем, які складаўся з 3-х чалавек.

Таксама вядома, што відэа з Верамейчыкам, якое апублікавалі прапагандысты, чакана, з’яўляецца пастановачным — яно знята ў іншым самалёце і ў іншы час.

🔗Хроніка палітычнага пераследу
📊178 «выйшлі», 223 «зайшлі». Ці зменшылася колькасць палітвязняў у Беларусі за шэсць хваляў памілавання

З трэцяга ліпеня ў Беларусі адбыліся шэсць хваляў памілавання палітзняволеных — агулам было вызвалена 178 чалавек. Апошняя на сёння частка памілаваных, паводле праўладных крыніц, выйшла на волю 20 лістапада.

За гэты час праваабарончая супольнасць Беларусі прыняла 24 заявы аб наданні новым фігурантам крымінальных палітычных спраў статуса палітвязень — з трэцяга ліпеня па 20 лістапада такі статус атрымалі 223 чалавекі. Гэта людзі з усёй Беларусі, рознага ўросту і сацыяльнага статуса, якія абвінавачваюцца па шэрагу палітычных артыкулаў.

Такім чынам, з ліпеня на волю па памілаванні выйшлі 178 палітвязняў, а 223 іншых чалавекі атрымалі статус палітычнага зняволенага.
❤️Палітзняволены Дзяніс Пырх цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю

Жыхар Рэчыцы вызваліўся яшчэ 10 чэрвеня, але пацвярджэнне гэтаму праваабаронцы «Гомельскай Вясны» атрымалі толькі цяпер.

Дзяніс быў асуджаны па «справе Зельцэра» да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яму былі інкрымінаваныя арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Свой тэрмін мужчына адбываў у ПК № 22.
📝Справаздача аб успрыманні справядлівасці тымі, хто перажыў катаванні ў Беларусі даступная на трох мовах

Справаздача «Як успрымаюць справядлівасць людзі, якія перажылі катаванні і/або жорсткае абыходжанне» прысвечана таму, як успрымаюць справядлівасць беларусы і беларускі, якія сутыкнуліся з дзяржаўным гвалтам падчас і пасля масавых пратэстаў 2020 года.

Дакумент ўяўляе сабой унікальнае даследаванне справядлівасці з трох частак: прававы аналіз, псіхалагічныя аспекты і сацыялагічныя дадзенныя.

Справаздача даступная на трох мовах: беларускай, english, русской.
❗️Актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі да 6 гадоў калоніі

Гродненскі абласны суд 21 лістапада завочна вынес прысуд актывістку Ежы Грыгенчу: шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма, а таксама штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў). Адзначым, што штраф памерам 40 000 рублёў быў прызначаны за «абразу Лукашэнкі».

Справу разглядаў суддзя Васіль Скок. Актывіста прызналі вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў.

Ежы Грыгенча — вядомы гродзенскі грамадска-палітычны актывіст, якога раней неаднаразова затрымлівалі. З 2020 года знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/116733
У Докшыцах за «экстрэмізм» сёння судзяць «лепшага работніка сістэмы электраэнергетыкі» раёна

У судзе Докшыцкага раёна сёння разглядаюць справу Пятра Клімко. Судовы працэс па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) будзе разглядаць Вячаслаў Елісеенка.

Як піша @vitebsk_info, у 2022 годзе мужчына адзначаўся кіраўніцтвам раёна як «Лепшы работнік сістэмы электраэнергетыкі па выніках 2021 года». Пётр тады працаваў электраманцёрам аператыўна-выязной брыгады Докшыцкага раёна электрычных сетак філіяла «Глыбоцкія электрычныя сеткі».
У Беларусі завочна асудзілі 112 чалавек, траіх з іх — двойчы

Інстытут «спецыяльнай вытворчасці» быў уведзены ў 2022 годзе рэжымам Лукашэнкі ў якасці рэпрэсіўнага інструмента супраць апанентаў.

Па стане на 21 лістапада 2024 года ў Беларусі завочна асудзілі ўжо 112 чалавек. Амаль усе справы — палітычна матываваныя. Гэта актывісты, журналісты, пратэстоўцы, палітыкі і грамадскія дзеячы. З іх траіх чалавек асудзілі завочна двойчы.

«Вясна» распавядае пра тое, каго ў Беларусі асудзілі паводле дзвюх справаў і што ім прызначылі.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/116736
Палітзняволенага краязнаўцу асудзілі да пазбаўлення волі

Былы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава, экскурсавод Аляксандр Нікіцін быў асуджаны да пазбаўлення волі па абвінавачванні ва ўдзеле ў мірных сходах.

Ён быў асуджаны яшчэ ў верасні ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Cправу разглядаў суддзя Кузянёк Дзяніс Аляксандравіч. Дакладны тэрмін, які прысудзілі Нікіціну, невядомы.

Аляксандра называлі «легендай Веткаўскага музея», «любімым экскурсаводам». Ён захапляўся краязнаўствам яшчэ з юнацтва, любіў бываць у экспедыцыях і збіраць старадаўнія рэчы. Некаторыя нават выкупляў за ўласныя грошы.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/116740
❗️Блогера Змітра Казлова, які праз тыдзень мусіў выйсці на волю, будуць зноў судзіць

У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска 29 лістапада будуць разглядаць чарговую крымінальную справу супраць блогер ютуб-канала "Шэры кот". Пры гэтым 28 лістапада, за дзень да суда, у палітвязня сканчваецца тэрмін зняволення і ён мусіў бы выйсці на волю з бабруйскай калоніі № 2. Але, меркавана, з калоніі яго наўпрост перавядуць у СІЗА.

Гэтым разам Змітра абвінавачваюць паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Павел Карцінін. Цяпер Змітру пагражае да двух гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

У зняволенні палітвязня ўтрымліваюць амаль 4,5 гады.

Падрабязнасці 👉 https://spring96.org/be/news/116742
⁉️Хуткі дапаможнік, ці Што рабіць пры ператрусе, затрыманні і допыце

Пачатак сёмай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ўжо адзначыўся масавымі затрыманнямі па ўсёй Беларусі. Усё паказвае на тое, што рэпрэсіі не толькі не будуць трываць такога ж узроўня, а нават узмацняцца бліжэй да выбараў. Сілавікі могуць прыйсці да любога, хто праяўляў хоць нейкую палітычную актыўнасць гэтыя гады.

З Юрыдычнай службай «Вясны» падрыхтавалі Хуткі дапаможнік, дзе сабралі асноўнае, што трэба ведаць пра ператрус, затрыманне і допыт. Атрымаць юрыдычную кансультацыю можна тут — @ViasnaSOS.

• Як падрыхтавацца да затрымання?
• Што рабіць, калі да цябе прыйшлі з ператрусам?
• Якія асноўныя правы варта ведаць пры затрыманні?
• Як сябе паводзіць на допыце і што трэба ведаць?
• Ці маеш права на адвакацкую дапамогу?
• Што рабіць, калі цябе затрымліваюць па крымінальнай справе?
• Што рабіць, калі да цябе прымянілі грубую фізічную сілу?

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/116637
2024/11/29 01:30:00
Back to Top
HTML Embed Code: