tgoop.com/Navumcyk/1015
Last Update:
Зьдзіўляе стаўленьне некаторых беларускіх аналітыкаў да практыкі падпісаньня Лукашэнкам з Крамлём “інтэграцыйных” пагадненьняў як да “мала чаго вартых” (“усё роўна застанецца на паперы, як “саюзная дзяржава”).
Не, ня толькі на паперы.
На хвіліну адыйду ад тэмы міждзяржаўных адносінаў і спашлюся на практыку палітычных рэпрэсій. З 2020 году рэжым прыняў дзясяткі зьменаў у заканадаўства, якія крыміналізавалі дзеяньні, за якія раней не прыцягвалі да адказнасьці – дастаткова прыгадаць пашырэньне трактовак “экстрэмізму”.
Здавалася б – навошта гэтыя зьмены ў Крымінальны і Адміністрацыйны кодэксы, галасаваньні ў “палаце прадстаўнікоў”, калі тая самая “палата” ня больш, чым бутафорыя, калі закон у краіне ня дзейнічае, пракуроатура і судзьдзі выконваюць загады афіцэраў спэцслужбаў, а адно і тое ж можна лёгка трактаваць у дыяпазоне ад “падтрымкі экстрэмізму” да “здрады дзяржаве”?
А вось, выяўляецца, сэнс ёсьць. Сілавікі (сюды сьмела ўжо можна ўключаць супрацоўнікаў і пракуратуры, і судоў) абапіраюцца на артыкулы кодэксаў і законаў, хай бы і ў атмасфэры, калі ня дзейнічаюць базавыя пастулаты нават Асноўнага Закона – Канстытуцыі.
Тое ж тычыцца і міждзяржаўных адносінаў. Дарэчы, увод расейскай ядзернай зброі (рэальны ці эфэмерны) на тэрыторыю Беларусі адбыўся толькі пасьля таго, як з Канстытуцыя было прыбранае палажэньне аб нейтралітэце і бязьядзернасьці (да фармулёўкі якога ваш пакорны слуга ў свой час, у пачатку 90-х, меў непасрэднае дачыненьне).
Так, “саюзная дзяржаве” ні ў прававым, ні ў палітычным сэнсах не прызнаная ААН ды іншымі міжнароднымі арганізацыямі. У кантэксьце міжнароднага права, яна -- фантом. Але ў дзень падпісаньня дамовы аб “саюзнай дзяржаве” Васіль Быкаў зусім нездарма назваў гэтае дзеяньне “злачынствам стагодзьдзя”. Выказваньне было прароцким – большасьць “інтэграцыйных” (а па сутнасьці, захопніцукіх) крокаў Крамля вынікае менавіта з гэтай дамовы ці дакумэнтаў, прынятых у мэтах яе рэалізацыі.
І фантом набыў канкрэтнае ўвасабленьне ў расейскіх ваенных базах на беларускай зямлі, завязваньні беларускай эканомікі на расейскую, мытныя падаткі ў інтарэсах расейскіх вытворцаў, урэшце, пераводзе сыстэмы гуманітарнай адукацыі на мадэль “русского мира”.
Апошняе – яшчэ больш неебясьпечна, чым ядзерная зброя: зброю можна вывезьці за некалькі дзён, стьветаадчуваньне ж заклоадаецца на ўсё жыцьцё і часам перадаецца новым пакаленьням.
... Існуюць кайданкі, якія сьціскаюцца на руках вязьня тым мацней, чым актыўней ён спрабуе ад іх вызваліцца. Вось нечым падобным для беларусаў і зьяўляецца “саюзная дзяржава”.
BY НАВУМЧЫК
Share with your friend now:
tgoop.com/Navumcyk/1015