tgoop.com/PEofBelarus/574
Last Update:
🌍 «Галасы праз межы: Міжкантынентальная эстафета ў падтрымку Беларусі» стартавала ў Даніі
17 кастрычніка ў горадзе Хельсінгер адбылася сустрэча студэнтаў, студэнтак і выкладчыкаў International People’s College з Карымам Педэрсенам, кіраўніком аддзела міжнародных камунікацый Офіса Святланы Ціханоўскай.
Мерапрыемства, арганізаванае пры падтрымцы суполкі «Талака - Сябры Беларусі ў Даніі», праходзіла ў рамках эстафеты «Voices Across Borders», якая была анансавана на III Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету ў Празе.
Падчас лекцыі «Выходзячы з ценю Пуціна» уздымаліся наступныя пытанні:
— Ці з'яўляецца Беларусь незалежнай краінай? А можа яна васальная тэрыторыя Расеі?
— Ці можна назваць жыццё ў Беларусі жыццём пад дыктатурай?
— Чаму варта цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі?
Карым распавёў пра палітвязняў, якія утрымліваюцца рэжымам Лукашэнкі; барацьбу Беларусі за незалежнасць; пра ролю і інтарэсы Расеі, Украіны і Захаду ў барацьбе беларусаў і беларусак за свабоду; пра тое, што дэмакратычныя сілы вымушаныя працаваць у эміграцыі. Узгадаў, як простая беларуская жанчына - Святлана Ціханоўская - сталася на міжнароднай сцэне сімвалам дэмакратыі і моцнага жаночага кіраўніцтва.
Як паведамляюць арганізатары эстафеты (Народныя амбасады Беларусі і Служба хуткай гуманітарнай дапамогі), на дадзены момант да «Voices Across Borders» далучыліся ўжо 17 краін.
«Бяспечна далучыцца да эстафеты салідарнасці магчыма ў любым складзе, не залежна ад таго вы асоба, суполка ці цалкам дыяспара вашай краіны. Нават калі вы жывеце ў краіне, якая ўжо прадстаўлена, вы ўсё роўна можаце далучыцца наўпрост запоўніўшы нашу хуткую 👉 форму».
Эстафета працягнецца да 18 снежня. Сачыць за мерапрыемствамі і падзеямі можна ў Instagram, Facebook ці
на сайце https://globalbelarus.info/
«Грошы сабраныя Эстафетай пойдуць палітзняволенным, іх сем'ям, тым, хто ўжо прайшоў карны канвеер турэмнай сістэмы Беларусі і мае патрэбу ў рэабілітацыі здароўя і матэрыяльнай дапамозе. Менавіта гэтыя мэтавыя групы ў фокусе працы арганізацый-ўдзельніц нашай Кааліцыі», - паведамляе Служба хуткай гуманітарнай дапамогі.
Падтрымаць збор можна па спасылцы
https://bysol.org/be/initiatives/solidarityrelay/
Беларусы Замежжа | Даслаць навіну
BY Народныя амбасады Беларусі

Share with your friend now:
tgoop.com/PEofBelarus/574