tgoop.com/ololo_philolo_by/384
Last Update:
#alala_каляндар
16 лютага 2022 года памерла Крысціна Кальдэрон, апошні носьбіт яганскай мовы і апошняя паўнакроўная прадстаўніца яганскага народу.
Яганская мова — мова-ізалят, яе роднасныя сувязі з іншымі мовамі не высветлены. Мову часам называюць самай паўднёвай у свеце: яганскі народ жыў на архіпелагу Вогненная Зямля.
Знакамітым словам яганскай мовы з'яўляецца «Mamihlapinatapai», якое перакладаюць як «позірк паміж двума людзьмі, калі яны абодва жадаюць нешта зрабіць, але кожны спадзяецца, што гэтую дзейнасць распачне другі». Яго згадваюць у кнігах па тэорыі гульняў — у кантэксце дылемы валанцёра, калі хтосьці з гульцоў мусіць трохі ахвяраваць, каб у выніку ўсе гульцы не зазналі больш вялікай паразы. Калі ў хаце чамусьці не грэе батарэя і ўсім холадна, варта патэлефанаваць у ЖЭС і спытаць, што здарылася — але ніхто не хоча тэлефанаваць у ЖЭС, бо там доўга чакаць адказу і непрыемны аператар. І вось тут надыходзіць момант Mamihlapinatapai. Гэтым жа словам апісваюць позірк паміж людзьмі, якія гатовыя распачаць любоўныя адносіны, але саромеюцца зрабіць першы крок.
«Mamihlapinatapai» нават трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінэса як слова з самым ёмістым значэннем.
Як гэта звычайна здараецца з лінгвістычнымі фактамі з Кнігі рэкордаў Гінэса, ён памылковы.
Марфалагічна «mamihlapinatapai» пабудавана так:
* корань ihlapi значыць «няёмкі, нязграбны»;
* суфікс -na утварае дзяслоў стану: ihlapi-na, «адчуваць сябе няёмка»;
* суфікс каўзатыву -ta дадае сэнс прычыннасці: ihlapi-na-ta, «выклікаць пачуццё няёмкасці»;
* нарэшце, прэфікс mam- утварае зваротны дзеяслоў (як у беларускай мове гэта робіць постфікс -ся: «мыю» — «мыюся»), а разам з постфіксам -pai парнага ліку атрымліваецца слова mamihlapinatapai са значэннем «выклікаць пачуццё няёмкасці адзін у аднаго».
Распаўсюджаны сэнс пра позірк паміж людзьмі ж пайшоў з рукапісаў місіянера і лінгвіста Томаса Брыджэса, які даследаваў народ ягана ў другой палове XIX стагоддзя. Ён шмат часу правёў на Вогненнай зямлі і працаваў над яганска-англійскім слоўнікам і граматыкай мовы. Але, здаецца, стаў ахвярай свайго перфекцыянізму: вядома, што ён стварыў прынамсі 20 рукапісных версій слоўніка і бясконца дапрацоўваў граматыку, але так і не выдаў іх падчас свайго жыцця. Калі Брыджэс сустракаў новае слова, якое не разумеў, ён імкнуўся апісваць усю сітуацыю, у якой яно прагучала. Так, у адной з ранейшых версій слоўніка слова «ihlapinata» перакладзена як «немагчымасць дапамагчы (рассудзіць спрэчку), бо абодва ўдзельнікі блізкія людзі». Сапраўды прыклад сітуацыі, якая выклікае пачуццё няёмкасці, але сэнс слова ўсё ж мусіць быць больш шырокім.
Такі ж лёс і ў слова «mamihlapinatapai», якое, дарэчы, не сустракацца непасрэдна ў слоўніках яганскай мовы, а толькі ў нататках Брыджэса. Цікава, што Крысціна Кальдэрон слова «mamihlapinatapai» увогуле не ведала...
BY філалабайкі беларускія
Share with your friend now:
tgoop.com/ololo_philolo_by/384